Ёсць людзі, якія, аднойчы выбраўшы справу жыцця, не ўяўляюць для сябе іншай ролі. Менавіта да такіх адносіцца аператар машыннага даення з філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» Валянціна Шастакевіч.
Наша Валянціна Уладзіміраўна — прыроджаная даярка, — з гонарам кажа галоўны заатэхнік Святлана Курс. — Гэтая жанчына не баіцца аніякай працы, спраўляецца з любым заданнем, працуе з цялушкамі, яна — прафесіянал сваёй справы.
Са сваіх 45 год ужо амаль 30 Валянціна Шастакевіч працуе на ферме. Калісьці даяркай у Начы была яе маці, і малая Валя бегала да яе на працу. У сям’і выхоўваліся пяцёра дзяцей, якія рана спазналі сялянскую працу. У школьныя гады Валя навучылася даіць кароў, пасля школы засталася ў вёсцы, пайшла працаваць на ферму. Навучылася абыходзіцца з жывёлай, палюбіла сваіх каровак усім сэрцам. Здаецца, яна ведае пра іх усё, кожную разумее, да кожнай знайшла падыход.
— Я з імі размаўляю, адразу заўважаю, калі карова захварэла, — расказала Валянціна Уладзіміраўна.
За ёй замацаваны 77 кароў, многія — пасля трэцяга ацёлу — малочныя. Жанчына ведае прадукцыйнасць кожнай сваёй карміцелькі, клапоціцца, каб
своечасова іх накарміць і падаіць. Нядаўна на іх ферму прывезлі новы камбікорм, Валянціна з калегамі спадзяюцца, што з дапамогай гэтай дабаўкі ў кароў павялічацца надоі. Вынікі працы даярак падводзяцца штодзень, кожны тыдзень на Дні жывёлавода ставяцца задачы на будучы тыдзень. Здзіўляе тое, што ўсе працуюць у роўных умовах, а вынікі працы ва ўсіх
розныя.
— У чым сакрэт Вашых працоўных поспехаў? — задаю пытанне лепшай працаўніцы.
А яна ў адказ жартуе, што з каровамі трэба сябраваць — тады і надоі будуць. У гэтых жартах ёсць і праўда.
Прыйшоўшы на працу ў 4.30 раніцы, Валянціна не стамляецца завіхацца ля сваіх падапечных. Працу сваю яна любіць, адчувае сябе ўпэўнена. Імкнецца болей зарабіць, таму што хоча дапамагчы дзецям. Усяго ў Валянціны Уладзіміраўны іх трое. Сын і дачка працуюць у ААТ «Полацк-Шкловалакно», меншы сынок вучыцца ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці. Муж даяркі працуе ў гэтай жа гаспадарцы механізатарам.
Валянціна Шастакевіч шчыра прызналася, што зусім не ўмее сядзець без справы. Яны з мужам — дбайныя гаспадары. У іх доме — чысціня і парадак, праведзены вада і газ, ёсць ацяпленне. Трымаюць на падворку дзве каровы, бычкоў, свіней, кур, гусей. Лішкі малака здаюць дзяржаве. «На такіх працавітых людзях, як вы з мужам, трымаецца беларуская вёска, дзякуй вам за гэта!» — на развітанне захацелася падбадзёрыць суразмоўцу. А сціплую жанчыну гэтыя словы ўсхвалявалі, нават збянтэжылі.
«Хто дбае — той і мае» — ёсць такая ў народзе прымаўка. Яна — пра нашу гераіню.