Полацкія паэты прынялі ўдзел у Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы

Главное

Святкаванне 500-годдзя беларускага кніга­друкавання ў рэспубліцы пачалося з адкрыцця Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу. Розгалас гэтага свята панеслі па розных краінах удзельнікі выставы — сучасныя кнігавыдаўцы.

У складзе дэлегацыі ад Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў выставе-кірмашы бралі ўдзел і палачане: сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Балдоўскі і Галіна Загурская, а таксама маладыя таленавітыя творцы з народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», пакуль яшчэ пачаткоўцы ў літаратуры, Дар’я Прохарава і Ігар Пятровіч. Мы мелі магчымасць дэталёва пазнаёміцца з выставай і выступіць са сваімі творамі перад яе наведвальнікамі.
На беларускім стэндзе ў самых розных абліччах фігураваў наш славуты зямляк Францыск Скарына. Твар Скарыны — на каляндарах, паштоўках, сувенірных магнітах і іншай падобнай прадукцыі.
Асобнае месца было адведзена пад друкарскі станок: яго ўзнавілі па чарцяжах ХVІ стагоддзя, таму можна лічыць, што менавіта такім карыстаўся наш першадрукар. Вакол станка — копіі старонак скарынаўскіх выданняў. Адну з такіх копій можна было атрымаць і самому, падышоўшы да станка і крыху папрацаваўшы на ім пад кіраўніцтвам майстра, які яго абслугоўваў.


Жыццё Скарыны, праца Скарыны, Скарына для дзяцей, Скарына для навукоўцаў, спадчына Скарыны… — усё гэта можна было ўба­чыць на выставе.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла скарбы даўніны: арыгінальную кнігу Сімяона Полацкага «Посах кіравання» 1667 года выдання, факсіміле: «Слуцкае Евангелле» 1582 года, «Баркалабаўскі летапіс», «Кніга быцця» з серыі «Кніжная спадчына Скарыны». Тут жа можна было пабачыць арыгінальныя выданні паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1925 год), зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» (1913 год).
Выдавецтва «Тэхналогія» прадставіла на выставе вельмі прыгожую кнігу «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якую стварыў творчы дуэт у складзе мастака Паўла Татарнікава і пісьменніка Уладзіміра Арлова, нашага земляка.
«Мастацкая літаратура» экспанавала кнігу «Маем найбольшае самі» з верлібрамі Алеся Разанава, у якіх ён перастварыў прадмовы Францыска Скарыны да сваіх выданняў.
Свята кнігі працягваецца…

Галіна Загурская, сябра Саюза пісьменнікаў
Беларусі, рэдактар народнага літаратурнага
аб’яднання «Наддзвінне».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *