Вольга Пятроўна Кундалевіч удастоена высокага звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка» ў 1987 годзе

Главное

Сваё жыццё з Полацкім заводам шкловалакна — у свой час буйнейшым прадпрыемствам не толькі нашага горада, але і ўсёй рэспублікі — звязалі многія палачане, а таксама жыхары іншых месцаў.
У 1964-м годзе на маладое прадпрыемства, якое імкліва развівалася, прыйшла працаваць і старанная 20-гадовая дзяўчына, якой было наканавана лёсам стаць адной з яго лепшых працаўніц. За самаадданую плённую працу і высокія вытворчыя дасягненні ў 1987 годзе Вольга Пятроўна Кундалевіч удастоена высокага звання «Ганаровы грамадзянін горада Полацка».

kopiya_%d0%ba%d1%83%d0%bd%d0%b4%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%8721Нарадзілася Вольга Пятроўна на Браслаў­шчыне. У вёсцы Каменка. З маленства бацькі вучылі сваіх дзяцей галоўнай вартасці чалавека — працавітасці. У сям’і таленавітага майстра па цяслярскай справе і калгасніцы дзеці з малых гадоў рабілі любую справу сумленна, не ябы-як, кожны займаўся нечым сваім з улікам узросту. Гэтая навука не прайшла бясследна, яна ўжо тады пусціла свае карані.
Апынуўшыся на заводзе ў Полацку, дзе ёй вельмі спадабалася, Вольга з першага дня ўлілася ў працоўны калектыў. Настаўніцай для маладой круцільшчыцы стала Марыя Дзмітрачэнка, вопыт якой вучаніца пераймала вельмі старанна. Кемлівасць і працаздольнасць дапамаглі Вользе Кундалевіч вельмі хутка самой разабрацца ў складаным абсталяванні, вывучыць нораў машын. Ведаючы як свае пяць пальцаў усе 38 верацён, Вольга Пятроўна зразумела, што можна паспяваць адначасова не толькі на сваёй зоне, але і дапамагаць іншым. У цэху, як пісалі ў адной з газет таго часу, таленавітая круцільшчыца выдзялялася арганізаванасцю працы, выверанасцю тэхналагічнага працэсу, прадуманасцю кожнага руху. Працавала як дэталь гадзіннікавага механізму.
Ужо ў 1970 г. Вольга Кундалевіч за выдатныя паказчыкі атрымала званне ўдарніка камуністычнай працы, а потым пацвердзіла гэтае званне яшчэ не раз. Пік яе паспяховасці прыйшоўся на першую палову  1980-х гг. У часы 11-й пяцігодкі Вольга Пятроўна паставіла перад сабой задачу выканаць пяцігодку за два з паловай гады. Аб гэтым яна ўспамінала так: «У меня самой, когда брала обязательство, где-то в глубине души было сомнение — не слишком ли замах­нулась? Но с первого же дня 1981 г. начала постоянно обслуживать две стандартные зоны: вместо 132 веретен — 264. А где-то с середины года решила взять вообще две крутильные машины, 362 веретена, почти три зоны. И уже три года у меня это — еже­дневная нагрузка».

%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%8f-%d0%ba%d1%83%d0%bd%d0%b4%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%8716
Ужо ў красавіку 1982 г. (за адзін год і няпоўных 10 месяцаў) Вольга Пятроўна выканала свой асабісты 5-гадовы план. А за пяцігодку зрабіла столькі, што па дзеючых нормах на гэта спатрэбілася б паўтара дзесяцігоддзя. У лістападзе 1983 г. самаадданая праца круцільшчыцы ВА «Шкловалакно» была адзначана прысуджэннем Дзяржаўнай прэміі СССР.
Аб В.П.Кундалевіч пісалі ў газетах, матэрыялы аб ёй не сыходзілі са старонак выданняў рознага профілю і ўзроўню, усіх хвалявалі яе працоўныя подзвігі. Толькі ўявіце: каля 20 км вакол машын, тысячы вытворчых аперацый, 6 гадзін на нагах без абеду — і так на працягу 5 гадоў.
Вопыт Вольгі Кундалевіч вывучалі многія. На старонках адной з брашур быў надрукаваны ўвесь тэхналагічны працэс работы перадавой круцільшчыцы: як на пачатку працы яна рыхтавала станкі, як паэтапна запраўляла машыны і ўмела ліквідавала абрывы ніткі.
Сваю Дзяржаўную прэмію Вольга Пятроўна перадала ў Фонд міру, і ў лісце на яе імя старшыня праўлення Савецкага фонду міру падзякаваў палачанцы за высакародны ўчынак, адзначыўшы яе самаадданую працу, майстэрства, старан­насць і ўздым прафесійнага гонару працоўнага чалавека. Праўленне фонду ўзнагародзіла Вольгу Пятроўну Ганаровым знакам.

kopiya_%d0%ba%d1%83%d0%bd%d0%b4%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b2%d0%b8%d1%871
У інтэрв’ю, якія бралі ў Вольгі Пятроўны ў тыя гады, яна не раз адзначала, што на заводзе на павышаных зонах працуе шмат жанчын. Вольга Кундалевіч заўсёды ганарылася сваімі вучаніцамі, якіх у яе было больш за 40. Яна гаварыла, што вельмі прыемна было паўтарыць сябе ў сваіх вучнях. Іх імёны яна памятае і сёння — Жэня Бачарская, Лена Асушчанка, Таня Струкава, Зіна Васільева.
Таленавіты чалавек, як ка­жуць, таленавіты ва ўсім. Вольга Пятроўна не толькі паспявала на працы. У яе і дома заўжды быў парадак, дапамагалі муж і дзве дачкі, якіх маці таксама выхоўвала працавітымі і кемлівымі. Вольга Пятроўна займалася яшчэ і грамадскімі справамі: была членам цэхкама, членам тавары­скага суда, удзельнічала ў рэйдах брыгад.
У 1990-я гг. Вольга Пятроўна выйшла на пенсію. Сёння яна жыве з дачкой на сваёй ра­дзіме, у Браславе. Але памяць пра яе, як пра майстра сваёй справы, на Полацкім шклозаводзе захоў­ваецца і зараз. На прадпрыемстве ўжо з’явіліся новыя перадавікі, якія таксама дабіваюцца высокіх паказчыкаў, але імя Вольгі Кундалевіч стала гонарам не толькі аб’яднання, але і ўсяго горада, якому яна прысвяціла лепшыя гады свайго жыцця. Выпрабаванне славай яна прайшла гэтак жа годна, як і выпрабаванне працай.

І.П.ВОДНЕВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *