Аляксандр Калтуноў узначальвае філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» з 1997 года

Люди

— Юбілей? Добрая нагода сустрэцца са сваякамі і сябрамі, з якімі нячаста бачымся, падсумаваць вынікі, зрабіць высновы, запланаваць нешта на буду­чыню. Гэта больш важкая, грунтоўная дата, чым 10 гадоў таму. Наступіў пенсійны ўзрост. Шмат «плюсаў» дадалося за гэты час, — разважаў пра ўласны юбілейны дзень нараджэння дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў. І працягваў: «Ёсць для каго жыць. Цікава назіраць, як сталеюць сыны, падрастаюць унукі і ўнучкі. Хочацца адыгрываць пэўную ролю ў іх жыцці. Я ўдзячны лёсу за ўсё, што маю».

З цеплынёй і пяшчотай
Аляксандр Рыгоравіч выканаў тры класічныя жыццёвыя задачы: выгадаваў траіх сыноў, пабудаваў дом, пасадзіў не адно дрэва. Сыны Аляксей, Яўген і Дзяніс — ужо дарослыя, стварылі ўласныя сем’і, падарылі дзядулю 5 унукаў. Старшы Калтуноў цікавіцца жыццём сваіх нашчадкаў: напрыклад, ён знаходзіць час, каб прыехаць у Полацк на спаборніцтвы па дзюдо, дзе выступае ўнук Ваня. Адразу пасля паядынку хлопчык бяжыць да дзеда, каб той павіншаваў з перамогай, або падтрымаў, калі прайграў… Ваня адчувае, што дзед ставіцца да яго з цеплынёй, пяшчотай.
Што датычыцца будоўлі дома — для юбіляра гэта ўжо ў мінулым. У Гараны пасля заканчэння Горацкай сельгас­акадэміі ён прыехаў ужо сямейным чалавекам, у далёкім 1979 годзе. Маладому спецыялісту далі кватэру без выгод, без вады. З цягам часу Аляксандр і Тамара Калтуновы палепшылі свой быт, але ўсё роўна марылі пра ўласны дом. У 1993 годзе заклалі фундамент і пачалі будавацца. Спецыялісты зрубілі зруб, абклалі цэглай, а астатняе гаспадары рабілі самі. Аляксандр Рыгоравіч многаму навучыўся ў бацькі-будаўніка, таму смела браўся за любую справу. Днём муж і жонка працавалі ў калгасе, вечарам — ішлі на будоўлю. «Калі б у той час было столькі будматэрыялаў, як зараз, хутчэй бы пераехалі ў новы дом. А так у нас атрымалася праз 6 год, калі пражылі ў кватэры 20 гадоў», — удакладніў суразмоўца.

Выбрала прафесія
Колькі дрэў пасадзіў — юбіляр не лічыў, ведае, што шмат. З пераездам на новае месца жыхарства збыліся мары сельскага працаўніка: вакол дома — шыкоўны кветнік, на падворку карова, свінні. «З пяці кароў, якія ёсць у вёсцы, адна — дырэктарская!» — з гонарам расказвае Аляксандр Рыгоравіч і дадае, што дамашняе малачко для яго з дзяцінства — першая ежа. І догляд за хатняй жывёлай прыносіць яму задавальненне. Сыны для бацькоў у гэтай справе — першыя памочнікі. Яны і ў гаспадарцы «Гараны-Агра» ўсе трое паспрабавалі сябе ў ролі памочнікаў камбайнераў. На думку бацькі, праца ў полі дапамагла ім пасталець, адчуць асалоду ўборкі хлеба…
Пра тое, што сам будзе працаваць на зямлі, Аляксандр Калтуноў ведаў са школы. Іх сям’я жыла ў Горацкім раёне, недалёка ад знакамітай сельгасакадэміі. Старэйшая ся­стра, Аляксандр і малодшы брат паспяхова скончылі гэтую ўстанову адукацыі, абралі справай свайго жыцця працу на зямлі. «Ці прафесія выбрала нас, паколькі была тэрытарыяльна побач», — выказаў думку юбіляр. Час вучобы ўспамінае як вельмі шчаслівы, і зараз, праз столькі год, у снах ён часта бачыць сябе студэнтам, які нешта яшчэ не вывучыў… На радзіме ён сустрэў сваё каханне. З жонкай Тамарай яны крочаць па жыцці разам ужо 37 год.

Дзякуй за навуку
Калі прыехаў у «Парыжскую камуну» (так называлася гаспадарка), спачатку працаваў аграномам, потым намеснікам дырэктара па кармах, пасля аб’яднання гаспадарак — намеснікам дырэктара, а з 1997 года Аляксандр Рыгоравіч узначальвае філіял «Гараны-Агра». Успамінаючы працоўны шлях, ён называе Валянціну Міхайлаўну Лёўкіну — свайго настаўніка, у якой шмат чаму навучыўся ў прафесіі. Заняўшы пасаду дырэктара, звяртаўся за парадай да вядомага на Полаччыне вопытнага кіраўніка гаспадаркі імя Сільніцкага (цяпер «Блізніца») Яўгена Іванавіча Кімстача. І той яму не адмовіў. Хоць і розніца ва ўзросце паміж імі была вялікая — Яўген Кімстач стаў для маладога кіраўніка нечым большым, чым проста калега. Увогуле, для Аляксандра Рыгоравіча слова «сябар» мае вялікае значэнне. Ёсць людзі, з якімі ён хоча падтрымліваць сяброўскія зносіны, і яны яго прымаюць, разумеюць.

Людзі — залатыя!
Спецыфіка сельскагаспадарчай працы і наяўнасць  адзінага ў Полацкім раёне комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы (зараз тут утрымліваюцца 5600 бычкоў) дыктуюць правілы стасункаў Аляксандра Калтунова. Яму даводзіцца часта кантактаваць з калегамі з іншых раёнаў, і ён з імі лёгка знаходзіць агульную мову.
Філіял «Гараны-Агра» спецыялізуецца на раслінаводстве, вырошчванні буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака. І ва ўсіх гэтых галінах работнікі гаспадаркі дасягаюць пэўных працоўных поспехаў. У чым сакрэт? «Людзі нашы — залатыя! Прафесіяналы з вялікай літары. Кожны на сваім месцы імкнецца працаваць як мага лепш. Канешне, вялікую ролю адыгрываюць сучасная тэхніка, якаснае насенне, захаванне тэхналогій, але галоўны гаспадар на зямлі і на ферме — чалавек!» — упэўнены Аляксандр Рыгоравіч. І свае словы падмацоўвае справай: імкнецца стварыць для калектыву добрыя ўмовы працы і адпачынку, у філіяле распаўсюджана практыка правя­дзення вечароў адпачынку, наладжвання экскурсій. І над паляпшэннем дабрабыту сяльчан дырэкцыя філіяла па­стаянна працуе.

За заслугі
Пра свайго інвестара — ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» — Аляксандр Калтуноў расказвае, як пра на­дзейнага партнёра. Дырэктар Васіль Хамёнак і спецыялісты прадпрыемства — першыя дарадчыкі. Супрацоўніцтва ў іх — узаемавыгаднае. Камбінат пастаўляе камбікорм для жывёл, аказвае іншую дапамогу, а сяльчане ўзамен паспяхова працуюць.
З нагоды 60-гадовага юбілею Аляксандра Калтунова ўзнагародзілі Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна. За гады працы яго не раз заахвочвалі рознымі граматамі, адзначалі Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, а яшчэ адна з дарагіх узнагарод — памятны экзэмпляр кнігі міжнароднай энцыклапедыі «Лепшыя людзі», у якім ёсць яго фотаздымак і звесткі пра працоўныя дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі.

Галоўны падарунак
Падчас нашай размовы Аляксандр Рыгоравіч  некалькі разоў адказваў на тэлефонныя званкі. Часцей размову заканчваў словамі: «Канешне, няма пытанняў…». Мы пажадалі юбіляру, каб усе вытворчыя праблемы хутка і паспяхова вырашаліся. А юбіляр шчыра прызнаўся, што для яго самы лепшы і жаданы падарунак да юбілею — здароўе блізкіх людзей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *