Лідзіі Іванаўне Грыгор’евай прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка» ў 1967 годзе

Главное

У 2017 годзе спаўняецца 50 гадоў з таго часу, як асобным палачанам сталі прысвойваць званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка». Упершыню ў 1967 годзе ім былі адзначаны 11 палачан, якія прымалі самы актыўны ўдзел у аднаўленні пасляваеннага Полацка. За паўстагоддзя звання ўдастоены 36 чалавек, якія жылі і працавалі на карысць агульнай справы ў розных сферах дзейнасці: кіраванне, прамысловасць, гандаль, медыцына, культура. Полацкі Краязнаўчы музей да юбілею вырашыў стварыць новую выставу, якая павінна адкрыцца ў снежні. Ужо сабрана шмат унікальных матэрыялаў. Музейшчыкі спадзяюцца, што кожны з сёняшніх  палачан успомніць тых, хто стаў прыкладам самаадданай працы на карысць найстарэйшага горада беларускай зямлі. У новай рубрыцы «Гонар Полаччыны» ў чытачоў «Полацкага весніка» будзе магчымасць першымі пазнаёміцца з найбольш цікавымі фактамі з біяграфій Ганаровых грамадзян.

Дырэктарскае крэсла — не ўзнагарода. Пасада дырэктара вельмі складаная і адказная. Ведаць вытворчасць да дробязяў — яшчэ не азначае ўмець кіра­ваць гэтай вытворчасцю. Дырэктар часам вырашае пытанні, здавалася б, зусім не звязаныя з прадпрыемствам. Аднак ад іх нярэдка залежыць поспех справы. Дырэктар адказвае за работу ўсяго калектыву, і з людзьмі, якія працуюць на прадпрыемстве, яго звязваюць сотні нябачных ніцей. Пры гэтым ён павінен тонка адчуваць, чым жыве кожны асобны чалавек, ведаць яго радасці і клопаты, быць аўтарытэтам і апорай. Менавіта такім дырэктарам Полацкага шклозавода стала Лідзія Іванаўна Грыгор’ева, якая прысвяціла роднаму прадпрыем­ству больш за чвэрць стагоддзя.

img_1861У 1963 г. Лідзія Іванаўна стала другім пасля Аляксея Піліпавіча Чудзінава кіраўніком набіраючага абароты полацкага завода. Выпуск шкловалакна для Беларусі ў пачатку 1960-х гг. з’яўляўся справай новай. У той час на заводзе не хапала кваліфікаваных кадраў, былі пытанні з устаноўкай абсталявання, наладкай тэхналагічнага працэсу, мноства штодзённых праблем. Але Лідзію Іванаўну гэта не спалохала. Яна жыла ў Полацку ўжо не першы год. Прыехаўшы з Гусь-Хрустальнага, дзе Грыгор’ева працавала пасля заканчэння Іванаўскага тэкстыльнага інстытута на пасадзе начальніка ткацкага цэха, 29-гадовая жанчына спачатку кіравала маладымі полацкімі ткачыхамі. У ткацкім цаху ішла адладка станкоў, і разам з памочнікам май­стра, начальнікамі змен і тэхнолагамі яна разбіралася ў складаных тэхналагічных пытаннях, вывучала ўсе тонкасці абсталявання, не раз звяртаючыся за парадамі да былых калег з Гусь-Хрустальнага. Не па гадах мудрая, Грыгор’ева глыбока разбіралася ў чалавечай псіхалогіі, старалася навучыць моладзь усяму, што ўмела і ведала сама і, перш-наперш, цяжкаму майстэрству працы з людзьмі, якое было самым моц­ным бокам яе кіраўніцкага даравання.

Дзеля дабрабыту
Як клапатлівая маці Лідзія Іванаўна заў­сёды дбала пра дабрабыт завадчан, вырашала пытанні з будаўніцтвам кватэр, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, займалася арганізацыяй месцаў для заняткаў мастацкай творчасцю і фізічнай культурай. Клопат аб адпачынку завадчан быў адной з галоўных задач.

Пачала яна з арганізацыі парка культуры і адпачынку на беразе Заходняй Дзвіны: усе разам расчысцілі тэрыторыю, высадзілі дрэвы, кусты, кветкі, праклалі дарожкі, пабудавалі пляцоўку для 4-х атракцыёнаў, танцверанду з эстрадай, кафэ. Метадам народнай будоўлі зрабілі і некалькі спартыўных збудаванняў — пляцоўкі для гульні ў хакей, баскетбол, валейбол, гарадкі. У 1963 г. быў адкрыты піянерлагер для дзяцей завадчан, у 1966 г. прынялі ў эксплуатацыю санаторый-прафілакторый на 50 месцаў у маляўнічым урочышчы Суя.

1970-я гады былі адзначаны ўводам у эксплуатацыю двух вялікіх комплексаў для адпачынку і развіцця творчасці ўсіх палачан. У 1971 г. урачыста быў адкрыты Дом фізкультурніка з басейнам, а ў 1974 г. — Палац культуры.

Шляхам перамог
1960-я гг. — адметнае дзесяцігоддзе ў гісторыі Полацкага шклозавода. Прадпрыемства павялічвала свае магутнасці, штогадова пашыралася наменклатура выпускаемай прадукцыі.

У гэты час завод чатыры разы быў узнагароджаны Чырвоным Сцягам Міністэрства хімічнай прамысловасці СССР і двойчы станавіўся пераможцам спаборніцтваў, якія арганізоўваліся Саветам Міністраў СССР і ВЦСПС. У 1967 г. Полацкі шклозавод заслужыў права называцца прадпрыемствам высокай культуры, а да сярэдзіны 1972 г. на яго ліку былі перамогі ва ўсесаюзных спаборніцтвах у 25 кварталах запар.

У чым жа быў феномен Полацкага шклозавода пад кіраўніцтвам Л.І.Грыгор’евай? Па-першае, пашанцавала з дырэктарам, але лідар сеяў толькі зерне адказнасці за сваю справу. Па-другое, завадчане, якія звязалі лёс з заводам, прыехаўшы ў Полацк з розных вёсак і гарадоў, вучыліся самі, а потым вучылі іншых і стваралі сяброўскі калектыў аднадумцаў. Па-трэцяе, аптымізм і бадзёрасць моладзі, яе энергія і ініцыятыва дапамагалі ўсё пераадолець. Чацвёртае — гэта мэтанакіраваная праца па яднанні персаналу, выхаванне павагі да старэйшых і культуры паводзін. А пятае — курс на высокія паказчыкі, імкненне заўсёды быць наперадзе.

Разам з часам
Але які б добры ні быў сённяшні дзень, а за ім прыйдзе дзень заўтрашні. І ў ім многае будзе іначай: эканамічная сітуацыя, попыт на прадукцыю, патрабаванні да якасці.

Дзе гарантыя, што ў новых умовах заводу хопіць трываласці для бязбеднага існавання? У тых, хто думае пра будучыню, рыхтуецца да яе, сумненняў быць не магло: трэба ісці ў нагу з часам, уводзіць новыя тэхналогіі і абсталяванне. І Лідзія Іванаўна з чарговай задачай справілася.

1-1-01973У пачатку 1970-х гг. яна паехала ў Міністэрства хімічнай прамысловасці з планам аб пашырэнні прадпрыемства. Пасля доўгіх перамоў і аргументаваных доказаў 14 мая 1974 г. была прынята пастанова аб пашырэнні Полацкага шклозавода на аснове імпартнага тэхналагічнага абсталявання і закупкі за мяжой перспектыўных тэхналогій. Магутнасць полацкага завода павінна была павялічыцца ў 4 разы. У гісторыі прадпрыемства гэты была эпахальная падзея.

У выніку ў 1981 г. у склад полацкага шклозавода ўвайшло новае прадпрыем­ства — Полацкі завод тэкстыльнага шкловалакна, дырэктарам якога быў назначаны У.П.Якаўлевіч, а галоўным інжынерам стаў Я.А.Барысаў. Гэтыя людзі ўжо не першы год працавалі з Лідзіяй Іванаўнай, і яна была цалкам упэўненая ў іх.

Праз два гады Грыгор’ева выйшла на пенсію, а ўсё аб’яднанне перадала свайму калегу, смеламу рэфарматару, адказнаму кіраўніку, паважанаму на заводзе чалавеку — Якаву Аляксандравічу Барысаву, які ў складаныя 1990-я гг. даказаў правільнасць выбару Лідзіі Іванаўны.

Талент — кіраваць
Лідзія Іванаўна Грыгор’ева пайшла на заслужаны адпачынак, маючы за плячыма 20 гадоў кіраўніцтва буйнейшым прад­прыемствам рэспублікі.

У кнізе Уладзіміра Шапіры «Аснова жыцця» гаворыцца пра яе наступнае: «Стаўшы дырэктарам у 34 гады, Лідзія Іванаўна, адзіная ў СССР жанчына-кіраўнік хімічнага завода, вывела Полацкі шклозавод у лік лепшых у галіне прадпрыемстваў, дабілася аснашчэння яго сучаснымі тэхналогіямі, шматкратна павялічыла вытворчыя магутнасці, стварыла для работнікаў аб’яднання ўзорны сацыяльны сектар.

Пад яе крылом выраслі цудоўныя спецыялісты прамысловасці, вядомыя на ўсю краіну вытворцы, залаты запас прадпрыемства, яго гонар і надзея».

Лёс дапамог Лідзіі Іванаўне ў Полацку раскрыць талент арганізатара, яе неаспрэчныя заслугі былі адзначаны ў рэспубліцы і краіне. Яна стала кавалерам ордэнаў Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі, 2-х ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга. Лідзія Іванаўна Грыгор’ева — Ганаровы работнік прамысловасці БССР, Ганаровы хімік, Ганаровы ветэран ВА «Шкловалакно» і Ганаровы грамадзянін горада Полацка, з якім яна звязала свой лёс назаўжды.

Кіраўнік. Сяброўка. Маці

4-1980-%d0%bf%d1%80%d0%b8%d0%b5%d0%bc-%d0%bf%d0%be-%d0%bb%d0%b8%d1%87%d0%bd%d1%8b%d0%bc-%d0%b2%d0%be%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%81%d0%b0%d0%bcЛідзія Іванаўна шмат часу праводзіла з калегамі, бывала на вечарах адпачынку, кіравала хорам. У ёй цанілі душэўнасць, чуласць, уменне ўзняць настрой. У Лідзіі Іванаўны было шмат сябровак, якія да сённяшняга часу захавалі аб ёй добрыя ўспаміны.Калі ў 1963 г. Грыгор’ва ўзначаліла прадпрыемства, перад ёй паўстала некалькі сур’ёзных задач: дабудаваць 2-ю чаргу прадпрыемства і асвоіць запушчаныя магутнасці. Праца забірала шмат часу і не толькі ў рабочыя дні. А дома падрастаў сын Валодзя.

Крок  наперад

img_1846Пляцоўкай для новабудоўлі стала тэрыторыя за Мінскай шашой, каля вёскі Ксты. Разынкай прадпрыемства павінен быў стаць аднастадыйны тэхналагічны працэс, які ў параўнанні з існуючым быў значна праца- і энергазберагальным. Новая прадукцыя завода змагла б з лёгкасцю канкурыраваць з замежнымі вытворцамі. Але, як заўсёды, не ўсё ішло гладка: ад прыняцця рашэння і да запуску прадпрыемства доўгі і складаны шлях. Лідзія Іванаўна разам са сваімі калегамі паступова вырашала пытанні і з адставаннем ад плана з-за невыканання своечасова работ будаўнічымі арганізацыямі, і з пошукамі замежных фірм, дзе закупалася абсталяванне і тэхналогіі. У выніку спыніліся на фірме з ЗША «ТБА Бішап ЛТД» — лепшым вытворцы шклотканіны і шклоніткі ў Амерыцы, і на інжынернай фірме з Велікабрытаніі «Вудл Дакхам». З-за прастояў і пралікаў (новыя тэхналогіі яшчэ былі невядомыя ў СССР) прыйшлося зацягнуць тэрміны здачы новых цэхаў, але завод працягваў атрымліваць саюзнае фінансаванне і ў наступныя 1980-1985 гг.

7-1961-%d0%bd%d0%b0-%d0%b4%d0%b5%d0%bc%d0%be%d0%bd%d1%81%d1%82%d1%80%d0%b0%d1%86%d0%b8%d0%b8
У той час праблем хапала і на асноўным прадпрыемстве. У канцы 1979 г. знізілася якасць прадукцыі, завод заплаціў вялікія штрафы за брак, быў высокі ўзровень выдаткаў прадпрыемства. Прычынамі гэтага былі нізкая якасць сыравіны (напрыклад, шкляных шарыкаў Гродзенскага завода), пастаяннае адцягванне работнікаў ад сваіх асноўных абавязкаў з-за сельскагаспадарчых работ і іншае. Прыйшлося перагледзець шматгадовыя правілы, больш увагі звярнуць на якасць прадукцыі, пры гэтым не збаўляючы тэмпаў на новабудоўлі ў Кстах.

 5

Ірына  ВОДНЕВА,
загадчык  Краязнаўчага  музея,  фота  з  архіва музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *