У мінулую нядзелю ў нашай краіне ўшаноўвалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. У суботу з гэтай нагоды ў Полацкім раённым Цэнтры культуры адбылося традыцыйнае раённае свята ўраджаю, на якім услаўлялі лепшых прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна, якія самаадданай працай штогод закладваюць аснову дабрабыту Полацкага раёна на будучыню.
Вынікі сёлетняй напружанай працы аграрыяў і жывёлаводаў падвёў старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук. У бягучым годзе ў Полацкім раёне намалочана 32 тыс. тон збожжа, нарыхтавана 7 тыс. тон травяных кармоў, што адпавядае 140% да ўзроўню 2015 года.
Вырашчана 7,5 тыс. тон бульбы пры ўраджайнасці 280 ц/га. Найбольшы валавы збор зерня забяспечылі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (дырэктар А.Калтуноў), ААТ «Кушлікі» (дырэктар Ф.Завацкі), філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» (дырэктар В.Кузякоў) і ДП «Палімір-агра» (дырэктар В.Яноўскі). Высокіх паказчыкаў па вытворчасці кармоў дасягнулі УП «ПС-Карпекі» (дырэктар А.Кавалёў) і ДП «Палімір-агра» (дырэктар В.Яноўскі). У Полацкім раёне склалася станоўчая тэндэнцыя па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Валавы надой малака па стану на сярэдзіну лістапада склаў 40 тыс.тон.
У галіне жывёлагадоўлі высокія паказчыкі стабільна ўтрымліваюць ААТ «Новыя Гараны» (дырэктар В.Нам), філіял «Вясна-энерга» РУПЭ «Віцебскэнерга» (дырэктар А.Нікіфараў), філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» (дырэктар В.Кузякоў).
Сельская гаспадарка імкнецца рэалізоўваць свой патэнцыял, укараняючы перадавыя тэхналогіі, новыя метады вытворчасці і перапрацоўкі, здзяйсняючы мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Устойлівы рост сельскагаспадарчай вытворчасці і паляпшэнне культуры земляробства забяспечваюць прафесіянальныя кадры, якія з цярпеннем і ўпартасцю працуюць на Богам падоранай зямлі.
Лепшыя з іх падымаліся на святочную сцэну за заслужанымі ўзнагародамі. У іх гонар гучалі словы вялікай удзячнасці за добрасумленную працу ад старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука, першага намесніка старшыні Наваполацкага гарвыканкама Аляксандра Галубёнка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Мікалая Баратынскага, старшыні Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Дабраслаўскага, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксаны Грыб, другога сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Яны Лапановіч. Музычныя падарункі для перадавікоў сельскай гаспадаркі падрыхтавалі лепшыя творчыя калектывы Полацкага раённага Цэнтра культуры, Ветрынскага гарпасялковага Дома культуры, Багатырскага сельскага Дома культуры, в/ч 55719, Фарынаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, Фарынаўскай СШ, Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2.
Прысутныя на свяце не шкадавалі апладысментаў для дарослых і юных артыстаў, якія стварылі святочны настрой цудоўнымі песнямі пра прыгажосць беларускага краю, пра гасціннасць беларусаў, пра шчырую любоў да роднай зямлі.
Падарункі і кветкі, словы ўдзячнасці за працу і падрыхтоўку годнай змены ўзнялі настрой прысутным на свяце ветэранам сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна. Сімвалічныя сувеніры з нагоды прафесійнага свята кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў атрымалі ад шэфаў — дырэктараў полацкіх прадпрыемстваў і арганізацый. Агульную святочную атмасферу па традыцыі стваралі працаўнікі культуры і гандлю.
Раённае свята, прысвечанае людзям, дзякуючы працы якіх штодзённа на нашых сталах ёсць хлеб і да хлеба, атрымалася душэўным і па-сямейнаму цёплым. Пашану і павагу за тое, што яны асабліва тонка адчуваюць, як б’ецца сэрца роднай зямлі, сяльчане заслужылі ад усіх нас.