Па выніках Полацкага раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення Крысціна Бялова заняла I месца.

Люди

Крысціна Бялова з дзяцін­ства бегала да маці і бабулі на ферму. Жанчыны шчыравалі ў жывёлагадоўлі, працавалі заўзята, каб атрымаць больш малачка ад кожнай каровы. Маленькая дзяўчынка дзіві­лася з прыгажунь-каровак: якія яны вялікія, якія прыгожыя ў іх рогі і выразныя вочы! А яшчэ ёй вельмі падабаліся коні. І яна заўсёды частавала нечым гэтых грацыёзных жывёл.

Прывычка прыносіць для каня на ферму яблык ці хлеб з цукрам захавалася і зараз. Цяпер Крысціна  —дарослая і сама працуе даяркай. Але заўсёды яна спыніцца ля каня, пагладзіць грыву, скажа добрае слова. І атрымае ад гэтай цёплай сустрэчы задавальненне.

Мы пазнаёміліся з прывабнай дзяўчынай з прычыны яе першай працоўнай перамогі: па выніках раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года Крысціна Бялова з фермы Залессе  УП «Э/б «Ветрынская» заняла I месца. 18-гадовая дзяўчына паказала прыклад сваім маладым калегам з усяго раёна: надаіла амаль 20 тон малака ад 36 кароў, сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 553 кілаграмы.

Прымаючы Падзячны ліст і грашовую дапамогу ад старшыні Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Дабраслаўскага, Крысціна шчыра дзякавала і гаварыла, што ўклад у яе поспех унеслі добразычлівыя калегі і яе маці Наталля Леанідаўна Баброўка, якая працуе загадчыцай фермы Залессе. Маладая даярка пры неабходнасці звяртаецца за слушнай парадай па працоўных пытаннях да больш вопытных калег, і тыя ахвотна дзеляцца з ёй сакрэтамі майстэрства.

— Я вельмі люблю жывёл, асабліва буйных. Мая любоў — каровы і коні, — расказвала даярка. — А сярод кароў любімыя — Венера і Люська. Гэтыя рагулі прыгожыя знешне, у іх рогі вялікія і малака даюць многа.

Ёсць у дзяўчыны мара — у будучым стаць заатэхнікам. Першы крок да яе яна зрабіла ў мінулым годзе — паступіла ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, але з-за напружанай працы на ферме ў яе не хапіла часу на выкананне кантрольных работ. У наступным годзе Крысціна намерана паступаць у гэтую навучальную ўстанову зноў, і ўжо тады вучыцца.

Загадчыца фермы Наталля Баброўка адзначыла, што Крысціна на працы стараецца, прыслухоўваецца да калег, вучыцца правільна даглядаць жывёлу. Таму і поспех атрымаўся. «Ёй сорамна дрэнна працаваць, таму што тут на ферме — я, а таксама мой муж Аляксандр працуе пастухом, і сын Дзяніс усё лета з ім пасвіў кароў. У нас са­праўдны сямейны падрад», — расказала жанчына.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *