Да 11 верасня на выбарчым участку №19, які размясціўся ў будынку сярэдняй школы №12, што ў мікрараёне «Грамы», ужо прагаласавалі амаль 30% выбаршчыкаў. Як патлумачыла гэтую высокую лічбу старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Галіна Чушава, у мікрараёне жыве шмат работнікаў чыгункі, людзей працавітых і вельмі адказных. У нядзелю хтосьці згодна з графікам працаваў, хтосьці быў у камандзіроўцы. І каб не прапусціць найважнейшую палітычную падзею, многія аддалі свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты датэрмінова.
Роўна ў 8.00 на ўчастак завітала першая выбаршчыца. Члены камісіі віталі яе апладысментамі. 79-гадовая Браніслава Іосіфаўна Лісіца прызналася, што ўдзел у галасаванні прымае заўсёды. «Мы самі вызначаем сваю будучыню, — мудра заўважыла яна. — Ці ж можна заставацца ў баку ад такой важнай справы? Са сваім выбарам вызначылася даўно. Галоўнае — каб нашы дэпутаты нас чулі, каб разумелі нашы праблемы». Пасля візіту на ўчастак для галасавання жанчына збіралася паехаць у касцёл. «І галасую, і малюся, каб жылі мы ў міры ды згодзе, каб былі здароўе і дабрабыт».
З самага ранку прыходзілі, каб аддаць галасы за сваіх абраннікаў, і людзі старэйшага пакалення, і моладзь, і сем’і з дзецьмі. Пакуль дарослыя ў кабінках запаўнялі бюлетэні, члены камісіі частавалі малых цукеркамі: «Вельмі важна, каб яны адчулі атмасферу свята, каб у памяці застаўся гэты дзень. Мы гадуем будучых выбаршчыкаў».
Валянціна Карпаўна Рабіновіч, заўважыўшы Алену Іванову і Анатоля Павукова, членаў участковай выбарчай камісіі, з урнай, паспяшалася выйсці насустрач з вялікім букетам кветак. Прагаласаваўшы, яна расчулілася да слёз: «Успомніла, як даўней было, у гады маёй маладосці. Выбары і зараз вялікае свята, а тады… Віншавалі адно аднаго! У суседнім доме ладзілі танцы, прыязджаў гарманіст з Гарадскога Палаца культуры… Гэта запомнілася на ўсё жыццё. З усёй адказнасцю галасую і зараз!».
У той дзень прадстаўнікі ўчастковай выбарчай камісіі наведалі дамы многіх жыхароў мікрараёна «Грамы». І ўсюды іх чакалі, сустракалі з радасцю, як жаданых гасцей.
Участак для галасавання размешчаны ў мікрараёне пераважна прыватнай забудовы. Каб сталым людзям дабрацца да яго, асабліва з аддаленых вуліц, патрэбна было пераадолець значную адлегласць. Не ўсім гэта па сілах, таму многія вырашылі прагаласаваць на даму. А ў маладой жанчыны Таццяны Паўлавай таксама аказалася важная прычына, каб запрасіць членаў камісіі з урнай дадому. Маленькі сынок Валерык не адпускае матулю ні на хвілінку. Таму яны прагаласавалі разам, выказаўшы ўдзячнасць за тое, што іх не абмінулі ўвагай.
А тым, хто галасаваў непасрэдна на ўчастку, была прадастаўлена магчымасць наведаць буфет, дзе прапаноўваўся шырокі асартымент кандытарскіх і кулінарных вырабаў. Ля школы таксама сіламі Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы быў наладжаны імправізаваны кірмаш.
Восень… залатая пара. Час ураджаю, падвядзення вынікаў і мудрых рашэнняў. Палачане зрабілі свой выбар. Дзеля перспектывы, дзеля стабільнасці, дзеля будучыні.