У Полацку адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Алеся Савіцкага

Главное

Яшчэ год таму Алесь Ануфрыевіч Савіцкі прымаў удзел у літаратурна-краязнаўчых мерапрыемствах у рамках святкавання Дня горада пад назвай «Полацкія сустрэчы», якія прысвячаліся гісторыі і культуры старажытнага Полацка, а праз пяць месяцаў яго не стала. Яму было амаль 92 гады. 

Ён нарадзіўся ў нашым горадзе, у час вайны ваяваў у партызанскім атра­дзе «Смерць фашызму», які дыслакаваўся ў лесе побач з горадам (дарэчы, тут ён напісаў свой першы верш). Пасля вызвалення Беларусі ўдзельнічаў у баях за Польшчу, Літву, браў Берлін. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг», дзе надрукаваў сваё першае апавяданне. Нягледзячы на тое, што ў далейшым, калі стаў вядомым пісьменнікам, жыў у Мін­ску, родны горад не забываў, часта прыязджаў сюды, каб пакланіцца Сафіі, успомніць баявых сяброў. Шмат часу аддаваў сустрэчам з чытачамі, расказваючы аб ваенным ліхалецці, аб літаратурнай творчасці. Быў жаданым госцем у бібліятэках Полацка. Аддаючы павагу яго любові да роднай бацькаўшчыны, цэнячы літаратурную творчасць земляка, на адным са святаў Дня горада Алесю Ануфрыевічу ўрачыста прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка».

Сёлетні Дзень горада, калі можна так сказаць, стаў яшчэ адной вяхой у біяграфіі Алеся Ануфрыевіча. На фасадзе будынка бібліятэкі-філіяла №9 ДУК «Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», размешчанага па вул.Дзяржынскага, 52-а, адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар, а бібліятэцы прысвоена яго імя.

На ўрачыстую цырымонію з нагоды гэтых падзей прыйшлі тыя, хто ведаў і любіў Алеся Ануфрыевіча, з’яўляецца прыхільнікам яго творчасці.

Сярод тых, хто доўгія гады быў побач с Алесем Ануфрыевічам Савіцкім на літаратурнай ніве, трэба назваць Навума Якаўлевіча Гальпяровіча, Ганаровага грамадзяніна горада Полацка, які не мог застацца ў баку ад гэтай знамянальнай падзеі і не ўспомніць добрым словам свайго старэйшага таварыша.

«Полацкая зямля заў­сёды славілася сваімі талентамі, — адзначыў паэт. — Беларуская літаратура ўзбагацілася тымі, хто жыў і працаваў у Полацку, тымі, хто нарадзіўся тут. Гэта Пятрусь Броўка, Эдуард Самуйлёнак, Тарас Хаткевіч, Рыгор Барадулін і многія іншыя. Безумоўна, у іх кагорце Алесь Савіцкі. Сёння яго фі­зічна няма з намі, але ён ёсць у гэтай бібліятэцы, у хвалях ягонай Дзвіны, ён ёсць і на Чырвоных могілках, і самае галоўнае — ёсць у памяці людзей, не толькі як пісьменнік, але цудоўны, слаўны сын гэтай зямлі».

52955

З цеплынёй гаварыла пра Сашу Савіцкага, сябра свайго дзяцінства, Ніна Уладзіміраўна Азернікава, ветэран педагагічнай працы.

Дачка камандзіра партызанскага атрада, у які ў пачатку вайны пайшоў юнак Саша, полацкая паэтэса Надзея Тухто прачытала свой твор, прысвечаны Алесю Савіцкаму. А Алена Аляксееўна Яронька, удзельнік народнага літа­ратурнага аб’яднання «Наддзвінне», біблія­тэкар бібліятэкі-філіяла, прачытала свой верш, якому калісьці пры сустрэчы даў высокую ацэнку Алесь Ануфрыевіч.

Успамінамі пра сустрэчы з Алесем Ануфрыевічам і пра апошнюю з іх падзялілася бібліятэкар Полацкай гімназіі №1, у якой калісьці (тады СШ №7)вучыўся Саша Савіцкі, Людміла Іванаўна Барташэвіч.

Ганаровае права адкрыць памятную дошку прадаставілі родным Алеся Ануфрыевіча — дачцэ Наталлі Аляксандраўне Рага­жынскай, унуку Яўгенію Юр’евічу Рагажынскаму, намесніку старшыні Полацкага райвыканкама Пятру Мяфодзьевічу Пяткевічу і Навуму Якаўлевічу Гальпяровічу.

52954

Родныя Алеся Савіцкага па­дзякавалі ўсім, хто арганізаваў гэтую падзею, прыйшоў на адкрыццё мемарыяльнай дошкі, хто памятае і будзе памятаць іх бацьку і дзядулю, кім перш за ўсё ён для іх з’яўляецца.

52950

Да адкрыцця мемарыяльнай дошкі і пры­сваення імя Алеся Савіцкага бібліятэцы была прымеркавана яшчэ адна падзея, ініцыятарам якой пры жыцці стаў Алесь Ануфрыевіч. Прыязджаючы ў родны горад, ён часта су­стракаўся з сябрамі літаратурных аб’яднанняў, а таму ведаў, што сярод празаікаў і паэтаў Полаччыны ёсць таленавітыя літаратары. Лічыў, што творчасць землякоў трэба падтрымліваць. І ў яго з’явілася ідэя засна­ваць спецыя­льную літаратурную прэмію. З гэтай прапановай звярнуўся да кіраўніцтва раёна. У 2015 годзе Полацкім раённым выканаўчым камі­тэтам прынята рашэнне заснаваць штогадовую літаратурную прэмію Алеся Савіцкага — Ганаровага грамадзяніна горада Полацка, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вядомага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча.

52951

І ў гэты дзень было абвешчана імя першага лаўрэата. Ім стаў Віктар Раманавіч Карасёў — краязнаўца, аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый у прэсе, член народнага літаратурнанага аб’яднання «Наддзвінне». Энтузіяст, падзвіжнік, не за грошы і не дзеля славы, а таму, што так патрабуе душа, шмат часу аддае грамадскім справам. Клапоціцца пра нашу памяць, пра тое, каб гісторыю ведалі дзеці і ўнукі, упрыгожвае зямлю помнікамі і мемарыяльнымі знакамі. Па яго ініцыятыве ўстаноўлены 15 мемарыяльных знакаў і 2 мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя важным гістарычным падзеям і вядомым людзям.

Літаратурную прэмію Віктару Раманавічу ўручыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама П.М.Пяткевіч, адзначыўшы, што яна будзе ўручацца кожны год, падчас святкавання Дня горада, а падбор лаўрэатаў Полацкі райвыканкам дэлегіраваў кіраўніцтву Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Віктар Раманавіч шчыра дзякаваў за прызнанне і такую важкую ўзнагароду, а потым прачытаў верш, прысвечаны А.А.Савіцкаму.

Потым усіх запрасілі ў бібліятэку, дзе адкрыты Куток памяці Алеся Ануфрыевіча. Ягоныя пішучая машынка, рукапісы твораў, кнігі, фотаздымкі, граматы і дыпломы — усё гэта цяпер будзе захоўвацца ў бібліятэцы.

52949

У цырымоніі прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Васільеўна Гуйвік.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *