Добра там жывецца, дзе гуртом сеецца і жнецца — сведчыць народная мудрасць. З ёю згодны працаўнікі КУСГП «Палата», якія штодзень працуюць дружна і дабіваюцца ў працы пэўных поспехаў. Аднымі з першых аграрыі гэтай гаспадаркі завяршылі сяўбу збожжавых і зернебабовых, зараз сеюць адналетнія травы.
З трыма механізатарамі мы пазнаёміліся ўчора на мехдвары гэтай гаспадаркі. Маладыя мужчыны вялі рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Час бяжыць незаўважна, неўзабаве пачнецца нарыхтоўка кармоў. І вось тады на адрамантаваных трактарах з граблямі ды косамі яны выедуць у поле…
Яўгена Тамашэвіча мы напаткалі за рамонтам спружыны для касы, якая ў перспектыве будзе прычэплена да трактара «МТЗ-1221». Малады механізатар нядаўна працаваў на падсілкоўванні пасеваў, уносіў угнаенні, а зараз рыхтуе агрэгат на будучыню. На працу ў гаспадарку хлопец уладкаваўся тры гады таму, адразу пасля арміі. За гэты час набраўся вопыту, палюбіў працу на зямлі. Умее добра і траву касіць, і глебу культываваць. Яго бацька ўсё жыццё быў вадзіцелем у КУСГП «Палата», і Яўген, яшчэ калі быў хлопчыкам, марыў, што таксама будзе працаваць у сельскай гаспадарцы.
Яшчэ адзін Яўген, з прозвішчам Казлоў, расказаў, што ўжо прывык працаваць з ранку да позняга вечара, у гаспадарцы ён — каля дзесяці год. Сёлета, на яго думку, вялікага рамонту тэхніка не патрабуе. Усе неабходныя запчасткі набылі, цяпер — справа за механізатарамі. Тое, што ты сам для сваёй тэхнікі — гаспадар, асабліва і падабаецца Яўгену. Ён у трактары і касілцы ведае кожную шрубку — не раз даводзілася іх рамантаваць. Пасля працоўнага дня працавітага мужчыну дома сустракаюць жонка Наталля з 4-гадовай дачушкай Палінкай. Дзеля іх дабрабыту галава сям’і працуе добрасумленна і адказна.
Трактарыст-машыніст Павел Дзядкоў займаўся рамонтам «КЗР-10». Машына патрабавала вялікага рамонту, але самыя важныя запчасткі ўжо замянілі. Павел Кімавіч зараз працуе на корманарыхтоўцы на гэтым камбайне. Сваёй прафесіяй малады мужчына ганарыцца — ён прадаўжальнік дынастыі працаўнікоў сельскай гаспадаркі: і маці, і бацька, і большасць сваякоў — з адной кагорты. У механізатара — шматдзетная сям’я, яны з жонкай выхоўваюць траіх дзяцей. «Надзейныя, грунтоўныя карані пусцілі», — пажартаваў мужчына.
Дарэчы, палатоўская зямля — родная для ўсіх траіх механізатараў. Усе яны — тутэйшыя, вучыліся ў мясцовай школе, там жа атрымалі прафесію механізатара. Тут жа, на радзіме, яны пасталелі, стварылі сем’і. У адзін голас мужчыны сцвярджалі, што адчуваюць сябе шчаслівымі, на сваім месцы. «Дзе нарадзіліся — там і згадзіліся!» — зрабілі мы выснову, а нашы суразмоўцы ўсміхаліся ў адказ.