Мінулы тыдзень прынёс станоўчыя эмоцыі ўдзельнікам Міжнароднага інклюзіўнага фестывалю творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця», які праходзіў у нашай краіне ўпершыню і аб’яднаў дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю і без інваліднасці. Інклюзіўны фестываль — гэта шанц для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця раскрыць свой унутраны свет і прадэманстраваць талент.
Мерапрыемства сабрала болей за 100 таленавітых дзяцей і маладых людзей з Беларусі, Украіны і Расіі. Полацкі раён і Віцебскую вобласць на гала-канцэрце прадстаўлялі на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача — галоўнай пляцоўцы фестывалю — інструментальны ансамбль «Лыжкары» Фарынаўскай СШ (кіраўнік Вольга Гінько), творчая група ўстановы адукацыі «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна» (кіраўнік Людміла Цыганова) і вакальны ансамбль «Ягадка» Фарынаўскай СШ (кіраўнік Таццяна Іванько). Да гонару нашых землякоў іх сумесны нумар «Лыжкі драўляныя» прыйшоўся да спадобы глядацкай аўдыторыі і журы і ўдастоены дыплома І ступені ў намінацыі «Арыгінальны жанр». Таксама палачане прынялі ўдзел у выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадставіўшы кампазіцыю «Дапамагі мне, і я зраблю ўсё сам», падрыхтаваную з дапамогай намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна Таццяны Гінько.
Полацкія хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі незвычайнага сталічнага фестывалю дзякуючы рэалізацыі праекта «Розныя дзеці — роўныя магчымасці», які паспяхова другі год запар рэалізуюць Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна і Фарынаўская СШ. Галоўная мэта праекта — талерантныя адносіны да дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Творчы нумар «Лыжкі драўляныя» з удзелам дзяцей-інвалідаў і школьнікаў Фарынаўскай СШ паспяхова прайшоў папярэдні прагляд кампетэнтнага журы і быў уключаны ў спіс 24 нумароў гала-канцэрта фестывалю.
Журы конкурсу вызначала пераможцаў у 8 намінацыях: «Вакальны жанр», «Інструментальны жанр», «Танцавальны жанр», «Арыгінальны жанр», «Фотамайстэрства», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Выяўленчае мастацтва» і «Літаратурны жанр».
Арганізавалі незвычайны фестываль, які праходзіў пад дэвізам «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць», ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і ПУП «Студия Мультикс» пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Мерапрыемства праходзіла ў рамках міжнароднага праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю», накіраванага на фарміраванне станоўчых адносін да людзей з інваліднасцю, які рэалізуецца з 2014 па 2016 гады.
Паездка ў сталіцу запомнілася палачанам тым, што яны выходзілі на сцэну на роўных з тымі, хто абсалютна здаровы. У гэтым была асобая місія форуму. У гала-канцэрце фестывалю разам з удзельнікамі бралі ўдзел зоркі беларускай эстрады Аляксандр Патліс, Георгій Калдун, Алена Ланская, Тэа, Зінаіда Купрыяновіч і сацыяльны дабрачынны праект «СУПЕР ПУПЕР ДЗЕЦІ» і тэлевядучая Тамара Лісіцкая.
P.S: За дастаўку нашых артыстаў у Мінск і паважлівыя адносіны да дзяцей з асаблівасцямі развіцця педагогі ўдзячныя дырэкцыі і вадзіцелям транспартнай кампаніі «Заходняя Губернія».