У суботу ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я з песнямі і танцамі дзеткі і дарослыя гукалі вясну-красну. І, нарэшце, дагукаліся: птушачкі зашчабяталі, сонейка выглянула з-за хмар, і першыя кветачкі прачнуліся і зайгралі рознакаляровымі фарбамі.
Прыняць удзел у традыцыйным абрадзе «Гуканне вясны» ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я ўжо не першы год запрашае фальклорны гурт «Варган» пад кіраўніцтвам Вольгі Антонаўны Емяльянчык. Гэтая вясна не стала выключэннем.
Прызнаюся шчыра, здзівіла і адначасова ўзрадавала, што на свята прыйшлі маладыя сем’і з малымі дзеткамі, юнакі і дзяўчаты.
Прыгажуні з фальклорнага гурта падрыхтавалі для сваіх гасцей цікавую забаўляльна-пазнавальную праграму.
Спачатку ў музеі ўсіх жадаючых навучылі рабіць цудоўных папяровых птушачак і расказалі пра старажытны абрад.
Як жа стараліся і малыя, і дарослыя зрабіць самых прыгожых птушачак, каб потым аздобіць імі дрэўцы, якія толькі-толькі пачынаюць абуджацца пасля зімовага сну.
А калі ўсё было гатова, удзельнікі свята гурбой высыпалі на невялічкую музейную пляцоўку, дзе вадзілі карагоды і спявалі загукальныя песні-вяснянкі. Колькі ж эмоцый было ў гучных крыках «Гу-у-у-у!»! І, канешне, якое ж свята без вясёлых гульняў! Тут і коскі з рознакаляровых стужачак плялі, і «грушку садзілі»!
Удзельнікі свята шчыра прызнаваліся, што вельмі здорава не толькі ведаць беларускія традыцыі, але і прымаць удзел у такіх самабытных абрадах!
Дзеткі і дарослыя ад душы павесяліліся, наскакаліся ды наспяваліся, а галоўнае — вясну-красну дагукаліся!