Сям’я Мурашкевічаў з вёскі Азіна Полацкага раёна адзначыла рубінавы юбілей

Люди

Шыкоўны — рубінавы юбілей сумеснага жыцця — адзначыла напрыканцы лютага сям’я Мурашкевічаў з вёскі Азіна. Паважаныя ветэраны працы Вячаслаў Палікарпавіч і Таіса Уладзіміраўна крочаць поруч па жыцці ўжо доўгіх 40 год, а іх каханне, якое калісьці звязала іх лёсы, набывае ўсё новыя адценні і зараз ззяе, пераліваецца рубінавым бляскам.

Няма ніводнага чалавека ў вёсцы, які не ведае Мурашкевічаў. Таіса Уладзіміраўна прыехала сюды ў далёкім 1974 годзе маладым культработнікам пасля заканчэння Наваполацкага музычнага вучылішча. Зараз яна ганарыцца, што іх выпуск — першы ў гэтай установе адукацыі, і што яна не здрадзіла прафесіі. Будучы муж Вячаслаў Палікарпавіч — выпускнік Віцеб­скага культасветвучылішча — таксама працаваў у сферы культуры, імкнуўся зрабіць цікавым вольны час сяльчан. Агульная справа зблізіла, захапіла маладых.

Яны ўсюды былі разам — дома і на працы. Сябры і знаёмыя здзіўляліся: як вы не надакучылі адзін аднаму? А творчыя Мурашкевічы толькі ўсміхаліся… Яны разам рыхтавалі святы для аднасяльчан, прыдумвалі вершы, асаблівыя «разынкі» ў сцэнарыі, якія засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Першымі ў Полацкім раёне яны пачалі адзначаць сямейныя юбілеі. Вяскоўцы спачатку здзіўляліся такой актыўнасці творчых работнікаў мясцовага клуба, а потым — прывыклі. І ўжо чакалі цікавыя святы, арганізаваныя Мурашкевічамі: Новы год у аддаленай вёсцы, Купалле на беразе возера Белае, дні вёсак.

Вячаслава Палікарпавіча суседзі паважалі і любілі, таму ў 1995 годзе абралі дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, даверылі пасаду кіраўніка мясцовай сельскай улады. Таіса Ула­дзіміраўна стала тады дырэктарам Азінскага СДК. Але са зменай працы Вячаслаў Палікарпавіч не аддаліўся ад галіны культуры. Было ў мужа і жонкі (ёсць і зараз!) агульнае захапленне, агульнае дзецішча — ансамбль песні «Бела чайка», у які яны аб’ядналі творчых жыхароў вёскі Азіна. Рэпетыцыі, актыўная канцэртная дзейнасць былі неад’емнай часткай іх сямейнага жыцця.

Гледзячы на таленавітых бацькоў, раслі творчымі іх дзеці. Дачушка Наталля з маленства танцавала, сын Алег навучыўся іграць на гітары. Але справу баць­коў яны не прадоўжылі. Дачка здзейсніла мару дзяцін­ства — вучылася на цырульніка. Сын захапляўся спортам і ў выніку стаў футбольным арбітрам. У сваёй справе дасягнуў пэўных вышынь, бацькі ўважліва сочаць за яго кар’ерай.

Але ў старэйшых Мурашкевічаў ёсць надзея, што ўжо трэцяе пакаленне — іх унучкі — праявіць сябе на сцэне. Старшая Аліна грае на акардэоне, добра спявае, прымае актыўны ўдзел ва ўсіх канцэртах, якія праходзяць у вёсцы летам. Малодшая Ангеліна ў школе выдатніца і з задавальненнем танчыць у вядомым у Наваполацку калектыве «Камарыкі».

Ангеліна вельмі любіць прыязджаць да бабулі і дзядулі на канікулы. Тут ёй — вольніца. З бабуляй чытаюць кніжкі, займаюцца матэматыкай. Бабуля частуе дзяўчынку яе любімымі піражкамі з вішняй і блінамі. Дзядуля навучыў гуляць у шахматы — патрэбная справа! Летам унучкі разам з дзедам паліваюць кветкі, якіх заўсёды багата ў палісадніку ля дома. Да рубінавага вяселля дзяўчынка падрыхтавала для сваіх любімых бабулі і дзядулі творчыя падарункі: вывучыла верш і зрабіла прыгожую віншавальную паштоўку.

Дачка Наталля з зяцем Канстанцінам прывезлі бацькам на вяселле прыгожы торт з лебя­дзямі. Так яны падкрэслілі сэнс рубінавага сямейнага юбілею, да якога прывяла лебядзіная адданасць бацькоў адно аднаму… Косця расказаў, што ўсёй іх вялікай сям’і па сэрцу добрая традыцыя, заснаваная бацькамі: яны абавязкова адзначаюць разам дні нараджэння і іншыя святы. «Збі­раемся, нешта абмяркоўваем, бачымся лішні раз — гэта збліжае сям’ю, аб’ядноўвае», — упэўнены малады чалавек. А іх дачушка і яе стрыечная сястрычка Алінка заўсёды адзначаюць свае дні нараджэння ў вёсцы, таму што абе­дзьве нарадзіліся летам і ў гэты час яны тут на канікулах!

Наталля распавяла, што, акрамя танцаў, навучылася ад маці добра вязаць і смачна гата­ваць. Творчыя людзі — яны ва ўсім асаблівыя, дзяўчынка з дзяцін­ства назірала, як маці ўпрыгожвала стравы, вырабляла падарункі сваімі рукамі. Наталля шмат пераняла ад сваёй любімай матулі.

Вячаславу Палікарпавічу, які ў маладосці граў на ўдарных ін­струментах, потым акампаніраваў хору на баяне, любоў да музыкі перадалася ад бацькі. Той быў першым гарманістам на іх вуліцы ў Лепелі. Акрамя музыкі, рубінавы юбіляр любіць спорт. Сярод яго сяброў шмат спартсменаў.

Мурашкевічы любяць і ўмеюць прымаць гасцей. Дзверы іх утульнага дома заўсёды адчынены для добрых людзей розных узростаў. Летам, седзячы з сябрамі ў альтанцы, яны любуюцца прыгажосцю возера з чысцюткай вадой. Зімой, на Хрышчэнне, робяць лунку і запрашаюць сяброў акунуцца, а потым — пагрэцца ў лазні, якую гаспадар топіць з веданнем справы. Жадаючых прыехаць да Мурашкевічаў бывае чалавек пад 70…

Хоць юбіляры і выйшлі на пенсію, яны абодва — у гушчы падзей сельскага жыцця. Таіса Уладзіміраўна ўзначальвае пярвічную арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Азінскага сельсавета, Вячаслаў Палікарпавіч — лідар Азінскай ветэранскай арганізацыі. Акрамя выканання грамадскіх абавязкаў яны заўсёды знаходзяць час для рэпетыцый ансамбля «Бела чайка».

… Цудоўныя песні, жарты, вершы ўласнага складання для любімай жонкі, незабыўныя пажаданні, прыемныя сюрпрызы і падарункі — усім было багатае рубінавае вяселле. З яго пачаўся новый этап жыцця — адлік да залатога сямейнага юбілею.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *