Чароўныя спляценні нітачак у руках майстра лёгка ператвараюцца ў сапраўдныя шэдэўры: карункавыя ручнікі, пейзажы, сурвэткі ці цёплы мяккі-мяккі світар. У гэтым можа ўпэўніцца кожны, хто наведае выставу Людмілы Мікалаеўны Апанасік «Мова арнаменту», якая днямі адкрылася ў Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Колькі ж тут цудоўных карцін, вышытых крыжыкам, а якія ручнікі, і кожны адметны сваім арнаментам!
На ўрачыстым адкрыцці выставы Людмілу Мікалаеўну чакалі сюрпрызы. Дырэктар Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Вольга Анатольеўна Шаркевіч шчыра павіншавала майстра з юбілеем, які Людміла Апанасік адзначыла ў гэтым годзе, і ўручыла Падзяку Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур за вялікі ўклад у развіццё, захаванне, прапаганду традыцый народнай творчасці. Цёплыя словы гучалі і ад Іны Карандзей, кіраўніка народнага клуба майстроў і мастакоў «Майстар», членам якога доўгі час з’яўляецца Людміла Мікалаеўна.
Музычны падарунак падрыхтавалі для майстра вучні Дзіцячай школы мастацтваў.
Пасля сардэчных віншаванняў Людміла Мікалаеўна Апанасік з радасцю расказала, дзе вучылася вышываць, плесці карункі і вязаць.
Аказваецца, наша гераіня першы свой твор вышыла ў восем год, у тым жа ўзросце пачала вязаць. Але займацца творчасцю асабліва часу не было, бо ў сям’і яна была старэйшай, трэба было за малымі братамі глядзець. Скончыўшы школу, паступіла ў Полацкі палітэхнічны тэхнікум. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Гомельскім кааператыўным інстытуце. Але так склалася, што больш за 10 год Людміла Мікалаеўна працавала дырэктарам сельскага Дома культуры ў в.Карпекі, дзе яны жылі з мужам.
Менавіта тут наша гераіня і пачала ствараць сапраўдныя шэдэўры, успомніла ўсё, што некалі ўмела. А штуршком да творчасці стала праца.
Людміла Апанасік расказала, што на свяце у СДК неабходна было ганаровым гасцям уручыць хлеб-соль, а ручніка не было. Вось тады майстар і ўзялася за справу.
Людміла Мікалаеўна вышыла больш за 50 ручнікоў з карункамі, каля 10 падарыла ў праваслаўныя цэрквы.
— Кожны ручнік асаблівы. Матывы самыя розныя. Многія я бачыла ў сяльчан, сваіх суседзяў. Замалёўвала, потым дабаўляла нешта сваё, — падзялілася майстар.
Расказала Людміла Апанасік і пра цікавы выпадак, звязаны са стварэннем аднаго ручніка. Неяк убачыла яна, як сабака валтузіць кавалак тканіны, вырашыла адабраць гэты шматок. І аказалася, што гэта частка старажытнага ручніка. Па невялічкім кавалку Людміла Мікалаеўна аднавіла матыў і атрымаўся сапраўдны шэдэўр.
Увагу ўсіх на выставе прыцягвалі іконы. У экспазіцыі іх прадстаўлена 11, усяго майстар вышыла 12. І ўсе благаслаўлёныя архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзмітрыем і архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем.
Людміла Апанасік больш за 20 год прымае актыўны ўдзел у гарадскіх, раённых, абласных выставах і фестывалях. Яе працы заўсёды выклікаюць цікавасць.
— Нават спявачка Алена Ваенга на «Славянскім базары» набыла маю работу,— усміхаецца майстар.
Людміла Мікалаеўна прызналася, што больш за ўсё любіць вышываць кветкі, асабліва ружы і бэз. А яшчэ вельмі да спадобы майстру коні і матылькі. Зараз Людміла Апанасік часта вышывае тое, што папросіць унук Косця, самы адданы прыхільнік бабулінай творчасці. Канешне, сочаць за творчасцю матулі і сын з дачкой. Заглядаюцца на бабуліны працы ўнучка Саша і ўнучок Мацвей.
Людміла Мікалаеўна Апанасік — майстар, улюбёны ў сваю справу, і гэта можна ўбачыць, варта толькі зірнуць на яе карціны, ручнікі і сурвэткі. Прыходзьце пазнаёміцца з народнай творчасцю майстра, і вы будзеце прыемна ўражаны. А можа, нават, возьмеце кручок ці пяльцы. Выстава працуе да 15 лістапада.