У полацку гучала вясёлая музыка

Главное

З самага ранку ў мінулую суботу на праспекце і плошчы Францыска Скарыны гучала вясёлая музыка. «Што за свята?» — здзіўляліся людзі недасведчаныя. Тыя ж, хто ўважліва сочыць за мясцовымі падзеямі, не гублялі часу на развагі, а склаўшы спіс неабходнага ды прыхапіўшы велічэзныя кайстры, спяшаліся на традыцыйны восеньскі кірмаш.

А добрых пакупак тут можна было зрабіць шмат! Багата прывезлі на кірмаш бульбы і капусты, цыбулі і зерня, мяса і рыбы, мёду і саджанцаў… Кошт прыймальны, гатункі разнастайныя — выбірай на сваю кішэню ды густ. Напрыклад, полацкія фермеры прапаноўвалі бульбу па 2 400 рублёў, «Кушлікі» — добра вядомыя сарты «Брыз» ды «Янка» — па 2 600… У «Астроўшчыны» бойка ішоў гандаль зернем, Полацкі райспажыўсаюз прыцягваў пакупнікоў шырокім асартыментам. Аматары мясца не забываліся прыхапіць свіную рульку, а хтосьці прыглядаўся да карпа ды таўсталобіка, якія так і вабілі ўкормленымі бакамі. Увогуле, народ не губляўся, з імпэтам назапашваў сельскагаспадарчую і іншую прадукцыю мясцовых і прыезджых гандляроў.

Пашукаўшы, можна было знайсці на кірмашы рэпу, фасоль, шыпшыну, журавіны і розную іншую садавіну ды гародніну. У кастрычніцкім паветры над гандлёвымі шэрагамі плыў водар шашлычкоў. Падмацавацца можна было і выпечкай, і кулінарнымі вырабамі. Так, прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці побач з продажам восеньскіх дароў запрашалі паспрабаваць піражкоў, дранікаў і бяляшыкаў, а таксама сагрэцца гарбатай або кавай.

Хтосьці з найбольш спрытных палачан у першыя ж хвіліны работы кірмашу ўжо нёс мяхі са сваім здабыткам да цялежкі або багажніка аўто, хтосьці яшчэ цярпліва чакаў чаргі да прылаўка (а чэргі са­праўды былі, і нямалыя!), а хтосьці разважліва і няспешна «маніторыў» цэны, уважліва прыглядаючыся да тавару. Былі і такія наведвальнікі, што прыйшлі за добрымі ўражаннямі ды настроем. Усміхнуліся і мы, прачытаўшы над палаткай ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» цікавы заклік: «Ворон не считай — товар покупай! Товаров наших — нету краше!» А яшчэ — падзівіліся на вынік творчай працы людзей, што не толькі тавар да кірмашу падрыхтавалі, але і месцы свае гандлёвыя не паленаваліся аздобіць. Напрыклад, ля вясёлых кампазіцый, створаных умельцамі з ААТ  «Полацкі малочны камбінат» і Полацкай універсальнай базы, — многія з задавальненнем фатаграфаваліся.

…Кірмаш адбыўся. І — пашырыў для гаспадынь ды гаспадароў іншае поле творча­сці — кулінарнае. Мабыць, ужо сёння ў кагосці на абед румяныя дранікі з «кірмашовай» бульбы?



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *