Тры гаспадаркі Полацкага раёна

Главное Заботы сельские

На мінулым тыдні тры гаспадаркі Полацкага раёна — філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», УП «Палімір-Агра» і ААТ «Полацкі аграсервіс» — распачалі жніво-2015. На палі выйшлі першыя камбайны.

07.24.15 Семь дорог, полимир-агро 136 фото А.Марцинкевича

У пятніцу ва ўрочышчы Ручаі шчыравалі на ўборцы азімай пшаніцы тры камбайнеры УП «Палімір-Агра»: Мікалай Міхаль, Сяргей Хвасцёнак і Васіль Дубоўскі. У другім месцы — ва ўрочышчы Лучна — вялі ўборку азімага рапсу працаўнікі гэтай жа гаспадаркі Леанід Чарткоў і Аляксей Вялюга. Хлебаробы працавалі старанна. Як і штогод, яны чакалі пары, калі стануць капітанамі камбайнаў-караблёў. Сёлета пшаніца першай саспела на пясчанай глебе — яе рана сеялі, першай і ўбіраюць. Каласкі нахілілі свае галоўкі, нібы вітаюць працаўнікоў палёў. Калі мы прыехалі на поле ва ўрочышча Ручаі, бункеры камбайнаў былі паўнюткія, як раз пад’ехаў на «МАЗе» вадзіцель Дзяніс Шакалаў, два камбайны адначасова выгружалі зерне. Тут жа, на полі, працаваў на рулонным прэс-падборшчыку механізатар Віктар Казлоў. Рулоны саломы атрымліваліся залатыя — колеру сонца.

07.24.15 Семь дорог, полимир-агро 105 фото А.Марцинкевича

Дырэктар гаспадаркі Віктар Яноўскі распавёў, што сёлетнюю ўборачную пару ўласна ён пачаў ва ўзнятым настроі. Прычына гэтаму — значная падзея, якая адбылася нядаўна: 1 ліпеня ў Мінску Прэм’ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў уручыў яму медаль «За працоўныя заслугі». Пасведчанне да медаля падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «Гэтая ўзнагарода — заслуга ўсяго працоўнага калектыву», — пракаментаваў падзею Віктар Баляслававіч і дадаў, што на ўрачыстасці яго ахапіў асаблівы гонар за тое, што сярод узнагароджаных было працэнтаў 80 прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі.

…Сёлета паліміраўцам належыць убраць зерневыя і зернебабовыя з плошчы амаль 1 500 гектараў. Прыкладная нагрузка на кожны з 6 камбайнаў «КЗС-1218» — 250 гектараў. На думку дырэктара — задача вырашальная, толькі б не падвяло надвор’е. Сёлетні год адметны тым, што ў гаспадарцы сенажу нарыхтавалі больш, чым летась. Але з-за таго, што спякота папаліла травы, менш нарыхтавалі сіласу. Каб папоўніць кармавы стол, давялося перасяваць некаторыя плошчы адналетнімі травамі. Пастаўленую кіраўніцт­вам Віцебскай вобласці задачу — нарыхтаваць 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы — працаўнікі намераны выканаць і, магчыма, перавыканаць, як было ў мінулым годзе.

07.24.15 Семь дорог, полимир-агро 111 фото А.Марцинкевича

У самым пачатку ўборачнай на нараду сабраліся спецыялі­сты гаспадаркі і ўдзельнікі жніва- 2015. Дырэктар акрэсліў задачы, растлумачыў нарматывы працы і парадак аплаты. Традыцыйна хлебаробы атрымалі спецыяльныя папкі з усёй неабходнай інфармацыяй. Сёлета на жніве будуць удзельнічаць 7  памочнікаў з прадпрыем­ства-інвестара — ААТ «Нафтан». Двое з іх — Мікалай Міхаль і Аляксей Вялюга — працуюць на кам­байнах.

Механізатары расказалі, што настрой на працу ў іх добры, умовы — таксама. І выказалі ўпэўненасць, што сёлетні хлебны каравай іх гаспадаркі будзе важыць не менш, чым у папярэднія гады.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *