Хрэсны ход у Полацку

Главное Духовность

Уcе паломнікі, з якімі мы пазнаёміліся ў манастыры, выказвалі захапленне святам, на якое прыехалі. І шчыра прызнаваліся, што зайздросцяць гасцінным палачанам, якія ўмеюць прымаць гасцей.

Тут усё святое, цёплае

4

Ала Іванова з Наваполацка штогод прымае ўдзел у свяце 5 чэрвеня. Што яе прыводзіць у манастыр? Адказала ўпэўнена: «Вера». Яна — сябра полацкага народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» — прачытала верш уласнага сачынення пра святую Еўфрасінню. Паэтка ўклала ў вершаваныя радкі часцінку сваёй душы, гэта так адчувалася, калі яна з хваляваннем чытала іх!

1

Малады чалавек Дзмітрый прыехаў да нас з Міёр. Расказаў, што, калі выпадае вольны час, яны часта з сям’ёй ездзяць у паломніцкія паездкі. У Полацку яны ўжо не першы раз і абяцалі прыехаць зноў, таму што тут, у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, яны адчуваюць асаблівую Боскую ласку!

5

Яўгенія Iванаўна і Людміла Фёдараўна прабывалі ў святочным, узвышаным духоўным настроі. Яны прыехалі з Глыбокага на аўтобусе з паломнікамі. Усяго іх прыехала каля 30 чалавек. Яны ішлі Хрэсным ходам, расказалі, што маюць намер прыкласціся да мошчаў прападобнай Еўфрасінні. «Калі ў душы мір і радасць — тады і на знешнім выглядзе чалавека гэта адбіваецца», — выказалі ўпэўненасць госці.

6

Мужчына з г.Гродна прыехаў у госці да дачкі Наталлі 5 чэрвеня, у яе дзень нараджэння. Наталля запрасіла роднага чалавека на свята ў манастыр, і ён быў ёй за гэта вельмі ўдзячны. У Полацку ён другі раз і на свяце прападобнай Еўфрасінні — таксама. З раніцы пазнаёміўся з горадам, быў прыемна здзіўлены яго багатай гісторыяй.

2

Дзяўчына Людміла з Віцебска расказала пра всой святочны настрой. Яна прыехала паўдзельнічаць у Хрэсным хо­дзе па сваім жаданні. Дзяўчына прызналася, што Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр яна даўно наведвае, ён ёй падабаецца, тут усё святое, цёплае… На свята ў гонар Прападобнай Людміла трапіла ўпершыню, не ведала, што такое бывае. Ідучы Хрэсным ходам, дзяўчына звярталася да святой па дапамогу.

3

Іну Іванаўну з Верх­нядзвінска прывёз у Полацк па яе просьбе муж. Тут, у манастыры, яна адчувае асаблівую Боскую ласку. Прыняла ўдзел у Хрэсным ходзе. Для сябе жанчына нічога не прасіла, а звярталася да святой заступніцы з просьбай дапамагчы дзецям і ўнукам: «Прашу дабра для іх і шчыра веру, што Бог і Еўфрасіння пачуюць мяне». Старэйшы ўнук у гэтым годзе здае экзамены, падрастаюць яшчэ два маленькіх унукі, хутка народзіцца яшчэ адзін.

Раніца 5 чэрвеня выдалася вельмі пагодлівай. Асаблівым было неба: блакіт незвычайнай прыгажосці і вялікія аблокі давалі надзею на добрае надвор’е на ўвесь дзень. Гучна спявалі птушкі. Пярнатыя выводзілі доўгія цудоўныя трэлі і стваралі сваімі спевамі радасную святочную атмасферу. Многія палачане спяшаліся ў Сафійскі сабор, дзе традыцыйна, ужо на працягу многіх гадоў, у Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай праходзіць святочная Боская Літургія. У гэтым годзе яе ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Апоўдні служба скончылася, і ўсе вернікі аб’ядналіся ў агульны Хрэсны ход, каб разам прайсці дарогай святой Еўфрасінні — ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Узначалілі шэсце Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Гуйвік. Па ходу маршрута Хрэснага ходу да яго далучаліся Хрэсныя хады, якія бралі пачатак у розных цэрквах Полацкай епархіі, а таксама ўсе жадаючыя палачане і госці з гарадоў-пабрацімаў, праваслаўныя вернікі з суседніх раёнаў і нават краін. Хрэсны ход, як вялікі духоўны ручай, працягнуўся прыкладна на паўкіламетра, ў агульным памкненні праславіць прападобную Еўфрасінню аб’ядналіся больш за дзве тысячы чалавек.

Першым прыпынкам Хрэснага ходу стала пляцоўка ля помніка Еўфрасінні Полацкай. Высокае духавенства і кіраўніцтва раённай улады сустракалі шматлікія гледачы дзіцячага свята «Еўфрасінні — праз стагоддзі», якое ўпершыню было нала­джана ў гэтым месцы і ўспрынята на «ўра». Пасля ўскладання кветак і акраплення помніка святой вадой Хрэсны ход, да якога далучыліся шматлікія палачане, крочыў далей.

Полацкія школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў стварылі жывы калідор уздоўж усёй вуліцы Еўфрасінні Полацкай. Дзеці і моладзь віталі ўдзельнікаў святога шэсця і ганарыліся сваім удзелам у значным свяце, якое праходзіла ў родным Полацку.

Многія ўдзельнікі Хрэснага ходу чыталі малітву ў гонар Прападобнай. У думках яны звярталіся да сваёй славутай зямлячкі з просьбай дапамагчы ім пераадоліць усе цяжкасці, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху. Протаіерэй з Глыбокага Сяргей Грамыка адзначаў, што «Хрэсны ход мае духоўны сэнс. У чалавека ёсць магчы­масць па­працаваць дзеля Бога. Магчымасць адысці ад мітусні, ад побыту, задумацца аб сваім жыцці, зрабіць над сабой намаганне. Калі чалавек накіроўваецца ў такі шлях — ён яго здзяйсняе дзеля Бога, для таго, каб Гасподзь яму нечым дапамог. Ласка Божая ёсць. Гасподзь дакранаецца да чалавека».

IMG_8534

На другім прыпынку Хрэснага ходу — ля помніка Мікалаю Цудатворцу — зноў усклалі кветкі і дружна пераадолелі апошнія метры да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Па традыцыі дарожкі на тэрыторыі абіцелі яго насельніцы выслалі аерам, півонямі, лубінам і краскамі. Свежы кветкавы водар распаўсюджваўся па наваколлі. Многія вернікі здымалі абутак і атрымлівалі асалоду ад таго, што хадзілі па гэтым зялёным халаднаватым дыване босымі.

Да шматлікіх вернікаў звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Ён гаварыў пра тое, што ўсе прыйшоўшыя сабраліся разам, каб праславіць Усявышняга — Госпада нашага Іісуса Хрыста. Галоўная мэта кожнага з нас — выратаванне душы сваёй. Прыкладам служэння Богу з’яўляецца Еўфрасіння Полацкая, і сёння з самага ранку мы праслаўляем яе, праводзім час у малітве, згодзе і аднадумнасці. Няхай Божае блаславенне прабывае на нашай блаславеннай беларускай зямлі.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў адзначаў, што падзея, якая штогод 5 чэрвеня адбываецца на полацкай зямлі, мае глыбокі духоўны сэнс. Сённяшняя ўрачыстасць — гэта знак глыбокай павагі гераіні беларускага народа ігуменні Еўфрасінні. Ён выказаў задавальненне тым, што супрацоўніцтва дзяржавы і царквы з кожным годам становіцца больш плённым. Выступаючы пажадаў усім прысутным мудрасці, сілы, здароўя і дабрабыту, каб духоўны подзвіг святой Еўфрасінні назаўсёды заставаўся крыніцай сіл для плённай дзейнасці ў імя пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел выказаў падзяку ўсім архіпастырам і пастырам, якія прынялі ўдзел у свяце, архіепіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Феадосію, ігуменні Еўдакіі, насельніцам манастыра, кіраўніцтву полацкай раённай улады, паломнікам, якія прыбылі з іншых манастыроў, ігуменням, за паломніцкую працу. Тое, што ўсе сабраліся разам — гэта пацвярджэнне аднадумнасці. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі пажадаў, каб кожны атрымаў блаславенны дар — малітву прападобнай Еўфрасінні, каб яна ўсіх блаславіла на прадстаячую працу і жыццё. Каб па яе малітвах Гасподзь узмацняў усіх у веры, аднамысленні, згодзе і малітве. І каб блаславенне Божае было з усімі!

У гонар Еуфрасiннi

Вечарам 5 чэрвеня ў Сафійскім саборы канцэртную праграму «Музычныя суст­рэчы ў Сафійскім саборы» прадставіў камерны аркестр «Еўропа Цэнтр» (дырыжор Раіль Садыкаў).

Вольных месцаў у канцэртнай зале Сафійскага сабора не засталося. На сцэну выходзілі Ганаровы грамадзянін г.Полацка, вядомая арганістка Ксенія Пагарэлая, таленавітыя, самыя лепшыя вучні Полацкай дзіцячай школы мастацтваў і Наваполацкага музычнага вучылішча. Канцэрт пры­свячаўся памяці прападобнай Еўфрасінні. Шматлікія гледачы выказвалі падзяку артыстам за падораны святочны настрой.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *