Першы экіпаж камбайнераў-тысячнікаў віншавалі 11 жніўня. Камбайнер Пётр Навумік з памочнікам Юрыем Панчанкам і вадзіцель Мікалай Скарадзёнак у той дзень пачыналі працу ў прыўзнятым настроі: да тысячнага намалоту ім не хапала зусім крыху. Заставаўся апошні рывок. Ведалі, што апоўдні гэты рубеж будзе ўзяты.
Так яно і выйшла. Першым віншаваў лідараў уборачнай-2014 не толькі ў «Кушліках», але і ў Полацкім раёне кіраўнік гаспадаркі Фёдар Завадскі. Ён прыехаў на поле паціснуць камбайнерам і вадзіцелю руку: «Малайцы, хлопцы! Дзякуй вялікі. Мы ганарымся вамі, наша гаспадарка — першая!».
У той дзень пераможцы працавалі ва ўрочышчы Махірова. Убіралі авёс. Ураджай вырас добры — больш за 35 ц/га, таму хутка на табло ў кабіне «КЗС-1218» быў зафіксаваны патрэбны вынік.
Пасля абеду да пераможцаў жніва-2014 прыехалі з віншаваннямі намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Аліна Завадская і старшыня прафкама, галоўны эканаміст ААТ «Кушлікі» Людміла Ахрамёнак. Яны адзначылі, што іх перамога стала сапраўднай падзеяй для ўсіх працаўнікоў гаспадаркі, жыхароў Кушлікаў і суседніх вёсак.
З віншаваннямі і падарункамі прыехаў на поле і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. У хвіліны ўручэння падзячных пісем, грашовых узнагароджанняў, маек і кепак з прафсаюзнай сімволікай героі жніва адчувалі сапраўдную радасць. Не таму, што сталі першымі тысячнікамі ў Полацкім раёне, а таму, што іх самаадданую працу заўважылі і, што не менш прыемна, адзначылі.
Вопытны камбайнер Пётр Навумік не першы год становіцца пераможцам гарачай уборачнай пары. Для яго сёлетні жнівень — ужо чатырнаццаты, таму вопыту не займаць. Сёлета ў яго памочніках — Юрый Панчанка. У 21-гадовага хлопца гэтая ўборачнай — першая ў жыццёвай біяграфіі, але такая цікавая і пазнавальная! Пётр Іванавіч навучыў яго, як глядзець за камбайнам, чысціць, на што звяртаць увагу ў час працы. Юрый расказаў, што з задавальненнем згадзіўся папрацаваць у роднай гаспадарцы (хлопец — тутэйшы, з вёскі Галякова), а потым, пасля ўборачнай, хоча пайсці вучыцца. Першую адукацыю будаўніка атрымаў у Наваполацкім вучылішчы № 89, але пакуль не вызначыўся, ці будзе працаваць па спецыяльнасці. Не выключыў, што паспрабуе сілы ў сельскай гаспадарцы.
Пётр Навумік пахваліў памочніка, сказаў, што задаволены яго працай. Сам ён — сапраўдны селянін, камбайн — яго любімая машына. Імкнецца зарабіць, таму што жонка Людміла ў дэкрэтным водпуску. Яна, дарэчы, таксама чакала тысячнага выніку, адна з першых павіншавала. Падрастаюць тры сыны — Паша, Ілля і Ціхан. Два меньшых пакуль не ведаюць, што іх бацька — сапраўдны герой, але ў будучым, спадзяецца Пётр Іванавіч, будуць ганарыцца яго поспехамі.
Вадзіцель Мікалай Скарадзёнак — таксама не навічок сярод лідараў-тысячнікаў. У мінулым годзе ён ужо прымаў падарункі і віншаванні. Раніцай да тысячнага выніку яму не хапала 18 тон збожжа. Бункер яго машыны «ГАЗ 35071» умяшчае 4 тоны. Адзін рэйс — 50 кіламетраў туды-назад. За дзень ён паспявае зрабіць 8-9 рэйсаў. «Да канца ўборачнай уцягнуўся ў працу, прывык, нават не заўважаю стомленасці, — расказаў Мікалай Пятровіч, — дома маім поспехам радуецца жонка Наталля».
Наша размова была кароткай. Сонца стаяла яшчэ высока, залатое поле клікала сваіх руплівых працаўнікоў. Ды і надвор’е спрыяла ўборцы хлеба, які сёлета ў ААТ «Кушлікі» вырас на славу!
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэй МАРЦЫНКЕВІЧА.