На мінулым тыдні многія палачане і госці горада завіталі на свята мёду, якое шырока гуляла на алеі па праспекце Францыска Скарыны. Галоўным героем урачыстасці ў дзень Мядовага Спаса быў, канешне, Яго Вялікасць Мёд — любімы многімі салодкі і карысны пачастунак. Гэты прадукт, колерам ад чорнага да залатога, ліўся ракой з вялікіх каністраў, вёдраў і бочак.
Па традыцыі мядовы ўраджай 2014 года асвяціў айцец Уладзімір, настаяцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Свяшчэннаслужыцель даў блаславенне на ўжыванне новага мёду ў ежу.
Абрад заламывання першых мядовых сотаў даверылі здзейсніць вопытнаму пчаляру Віктару Парамонаву. А потым — распачаўся цудоўны святочны канцэрт, а асвечаны мёд і прадукты пчалярства на «ўра» пачалі раскупаць шматлікія госці «Мядовага Спаса ў Полацку-2014». Амаль усе наведвальнікі набылі рознакаляровыя слоікі з салодкім змесцівам. Цана на мёд была прыймальная для ўсіх кішэняў, мінулагодняя: 90-100 тысяч рублёў за літр. Таму ў доўгай чарзе, якая выстраілася на пляцоўцы «Дзякуй, любая пчолка», арганізаванай КУСГП «Палата», Палатоўскім сельскім Саветам дэпутатаў і філіялам «Полацкае піва» ААТ «Белсолад», мы ўбачылі і пенсіянераў, і моладзь.
Вядома ж, перад тым, як набыць мёд, трэба яго прадэгуставаць. Пакаштаваць, а потым набыць ласунак, які растае ў роце і пахне травамі, прапаноўвалі пчаляры, прыехаўшыя з усіх 14 сельсаветаў Полацкага раёна, а таксама суседзі з Ушацкага, Расонскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Госці радаваліся, што палачане любяць і з задавальненнем купляюць мёд, быццам жывуць пад дэвізам «Кожны дзень прымай мядок, будзеш моцны, як дубок!».
Кожная з 10 пляцовак, якія працавалі на свяце, падрыхтавала сваю забаўляльную праграму. Таму на свяце нікому сумаваць не давялося: гучалі песні, жарты, вершы. Самадзейныя артысты шчыра, натхнёна ўслаўлялі нялёгкую працу пчаляроў, дзівіліся на руплівых пчол, якіх зусім нездарма называюць Птахамі Божымі.
Падрабязней пра свята чытайце ў газеце «Полацкі веснік» за 19 жніўня 2014 г.
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.