Разам мы — Полацк!

Главное

Полаччына. Зямля Рагнеды, Еўфрасінні, Скарыны… Яна дасталася ў спадчыну кожнаму з нас. І гэта — вялікі гонар і вялікая адказнасць. Мы — прадаўжальнікі спраў слынных землякоў. У думках, учынках і справах. Самаадданай працай, клопатам пра родную зямлю, вернасцю добрым традыцыям, чысцінёй пачуццяў — мы разам ствараем яе дабрабыт, кожны на сваім месцы. Мы яднаемся ў час, калі лёс пасылае выпрабаванні, упарта ідзем да мэты, не шкадуючы сіл, сеем зярняткі добрых памкненняў і збіраем важкі ўраджай поспеху. А калі надыходзіць час ладзіць свята, сардэчна і гасцінна запрашаем сяброў, вітаючы іх хлебам-соллю, добрай песняй, шчырымі ўсмешкамі. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды.

headПолацк сустракае свой 1152-гі дзень нараджэння. Напярэдадні святкавання Дня горада мы папрасілі старшыню Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука адказаць на некалькі пытанняў.

— Упершыню Дзень горада праводзіцца ва ўмовах аб’яднанай адміністратыўнай тэрытарыяльнай адзінкі. У чым Вы бачыце асаблівасці святкавання ў гэтым годзе?

— Полацк і Полацкі раён даўно ўжо адзінае цэлае. Проста зараз гэтае аб’яднанне пацверджана дакументальна. Полаччына стала мацнейшай, у яе з’явіліся новыя перспектывы. Мэта рэалізацыі праектаў, над увасабленнем якіх мы зараз працуем, адна — па­мнажаць дабрабыт рэгіёну і яго жыхароў.

Як аддзяліць горад ад раёна? Яны знітаваны эканомікай, працоўнымі рэсурсамі, не гаворачы ўжо пра гісторыю і традыцыі. Да прыкладу, Полацкая ГЭС: размешчана на тэрыторыі раёна, а будуюць яе гарадскія прадпрыемствы, і працаваць там будуць пераважна гараджане.

Полацк сёння — гэта горад-будоўля. Узводзяцца чатыры гандлёвыя цэнтры і новыя жылыя дамы. Капітальна рамантуюцца стадыён «Спартак» і Дзіцячая школа мастацтваў, вядуцца работы на цеплавых сетках, робім рамонты дахаў і двароў, ажыццяўляем рамонт дарожнага пакрыцця — усяго і не пералічыць. Падтрымліваць чысціню на тэрыторыях дапамагае тэхніка, якую мы набылі для спецаўтабазы. Будуюцца сучасныя фермы, мадэрнізуюцца прадпрыемствы, у кожнага з іх ёсць добрыя перспектывы. На Полаччыне спрыяльныя ўмовы для развіцця ўсіх галін вытворчасці.

У нас шмат планаў. Побач са мною каманда стваральнікаў-прафесіяналаў, якія сумленна і аддана выконваюць сваю працу, не пасуючы перад цяжкасцямі. Так што свята сустракаем у добрым настроі.

— У якім накірунку Вы бачыце прыярытэт для развіцця Полацка — культурна-гістарычным, духоўным і турыстычным або прамысловым?

— На маю думку, для дасягнення добрага выніку развіваць трэба кожны з іх. Мы маем унікальную гістарычную і культурную спадчыну, якая прыцягвае ў Полацк шматлікіх турыстаў. У такіх выключных умовах проста немагчыма не развіваць галіну гасціннасці, але яна не будзе паўнавартасна працаваць без адпаведнай інфраструктуры. З другога боку, нельга не клапаціцца і пра прамысловы патэнцыял. Гэта не толькі стварэнне якаснай прадукцыі, але і рабочыя месцы, і падаткі, за кошт якіх напаўняецца бюджэт.

Мы імкнемся надаць усім галінам дзейнасці і вытворчасці новы імпульс. І няма сумнення ў тым, што ўсё атрымаецца. Галоўнае — палачане маюць моцны духоўны стрыжань, таму рэлізаваць усе самыя смелыя планы нам па плячы.

— Што асабіста для Вас значыць Полацк?

— Вельмі люблю гэты горад. Ён — маё жыццё: і мінулае, і сучаснае, і будучае. Тут жывуць мае дзеці і, спадзяюся, будуць жыць унукі.

За той час, на які мне даверана права быць кіраўніком рэгіёну, пастараюся зрабіць усё, што ў маіх сілах, дзеля яго росквіту, каб захаваць і памножыць дасягнутае папярэднікамі.

— У гэтым годзе свята, прысвечанае Дню горада, мае назву «На зямлі Еўфрасінні, Рагнеды, Скарыны…» Чыімі імёнамі Вы маглі б дапоўніць гэты пералік?

— Як кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Гісторыя высветліла найбольш значныя імёны, так будзе і надалей. А на маю думку кожны палачанін — асоба, кожны — прадаўжальнік спраў славутых продкаў. І зусім не абавязкова здзяйсняць велічныя подзвігі — можна проста пасадзіць кветкі, прыбраць свой двор, выгадаваць добрых дзяцей, падтрымаць таго, каму патрэбна дапамога. Жыць годна, плённа працаваць, быць сумленным і шчырым — гэта ўжо ўклад у будучыню роднага краю. Я ўдзячны кожнаму жыхару Полаччыны за адданасць Радзіме і самаахвярную працу, якая прымнажае яе дабрабыт. Разам мы — тое, што сёння ёсць Полацк.

— Ці лічыце сімвалічным, што святкаванне Дня горада прадоўжыць святкаванне Дня памяці прападобнай Еўфрасінні? І ці адчуваеце духоўную падтрымку апякункі зямлі беларускай?

— Так склалася, што гэтыя святы ніколі не падзяляліся. Нам пашанцавала жыць на зямлі святой Еўфрасінні. Яна — наш гонар, наша сумленне, наша суцяшэнне. Ці можна не аддаваць даніну пашаны чалавеку, святло высокай духоўнасці якога дайшло да нас праз стагоддзі?

За падтрымкай і благаславеннем да Прападобнай едуць людзі з далёкіх краёў. Яна дапамагае ўсім і, у першую чаргу, роднаму гораду. Полацк не аднойчы перажываў цяжкія часы, але дастойна вытрымліваў усе выпрабаванні. Любы палачанін спадзяецца на Яе літасць і адчувае моцную падтрымку. Я ўсім сэрцам веру, што добрыя справы, якія мы робім і будзем рабіць, здзейсняцца з Яе дапамогай.

— 2014 год у Беларусі — Год гасціннасці. Адкуль чакаем гасцей на святкаванне Дня горада?

— У Полацка шмат гарадоў-пабрацімаў. На свята свае дэлегацыі прышлюць многія з іх. Прыедуць і палачане, якія жывуць зараз у розных гарадах і краінах, і суседзі. Чакаем усіх! Сустрэнем шчыра і гасцінна, па-полацку.

— Што пажадаеце палачанам напярэдадні свята?

— Па-першае, цудоўнага святочнага настрою, моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях, радасці ў дзецях. А яшчэ я вельмі хачу, каб Полацк для кожнага з нас заўсёды заставаўся родным домам, у які, куды б ні закінуў лёс, захочацца вярнуцца, бо кожнага са сваіх сыноў і дачок лепшы горад Зямлі помніць, любіць і заўсёды чакае.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *