…Першага мая, у Свята працы, над Полацкам свяціла яскравае, па-летняму цёплае сонца. З самай раніцы Парк культуры і адпачынку пачаў напаўняцца дзецьмі і дарослымі. Яшчэ б — такое цудоўнае надвор’е! Ды і нагода — менавіта ў першы майскі дзень у парку адкрыўся вясенне-летні сезон.
Парк уступіў у яго ў поўнай гатоўнасці. З’явіўся новы атракцыён — батут «Цытадэль». Старыя атракцыёны — «Юнга», «Сонейка», «Званочак», «Карнавал», «Сюрпрыз» і «Вясёлыя горкі» — свежапафарбаваныя, адрамантаваныя, падрыхтаваныя да сезона. Як распавёў дырэктар парка Іван Ені, у гэтым заслуга прадпрыемстваў Полаччыны: ААТ «Полоцк-Стекловолокно», Полацкага вінзавода, Полацкай ЦЭЦ, ААТ «Тэхналіт Полацк», камбіната хлебапрадуктаў. Іх супрацоўнікі дапамаглі работнікам парка (тут працуюць 17 чалавек) у добраўпарадкаванні атракцыёнаў. Іван Мацвеевіч адзначыў працу галоўнага інжынера парка Аляксандра Пузана, электрамеханіка Андрэя Ягорава і работніцы тэхперсаналу Таццяны Шчарбаковой.
Работнікі Будаўніча-мантажнага трэста №22 падрыхтавалі да сезона дзіцячую сцэнічную пляцоўку, засталося замяніць асфальтавае пакрыццё.
Унёсак у тое, каб дзецям і іх бацькам было ўтульна ў парку культуры і адпачынку, зрабілі таксама прыватныя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі, атракцыёны якіх працуюць у парку. Усталяваныя таксама батут і дзіцячая пляцоўка КУП «ЖКГ г.Полацка».
…Па дарожках парка пад наглядам бацькоў радасна бегала дзятва. Палачанка Наталля з сынам Уладзікам прыйшлі сюды, каб адпачыць, пакатацца на каруселях. «Хачу катацца на паравозіку!» — заявіў хлопчык, маючы на ўвазе атракцыён «Юнга». Хіба магла маці адмовіць сыну, гледзячы ў яго радасныя яскравыя вочы?
Кожны год сюды прыходзіць палачанка Алена з сынам Стасам. Адкрыцця сезона заўсёды чакаюць. Па іх меркаванні, парку патрэбны новыя атракцыёны для старэйшых дзяцей. Стасік, напрыклад, вельмі хацеў бы пакатацца на «Цэнтрыфузе».
Святлана з сынам Данілам прыйшлі ў парк яшчэ раніцай, да таго, як пачаліся святочныя мерапрыемствы. Святлана ўзгадвае сваё дзяцінства: «На Дзень піянерыі нават можна было катацца бясплатна!». Жанчына лічыць, што Полацку не стае паркаў адпачынку ў мікрараёнах — сама яна жыве ў мікрараёне «Аэрапорт». Аднак нават такі парк, што існуе сёння, — спраўдная палачка-выручалачка для бацькоў.
Міхаіл разам з дачкой Машай — частыя госці ў парку. Радуюцца добраму надвор’ю. Міхаіл таксама мяркуе, што аднаго парка для такога горада, як Полацк, мала. «Хаця б па тры-чатыры невялікіх атракцыёны ў мікрараёнах — было б вельмі добра для дзяцей, падлеткаў!» — упэўнены ён.
…Вясёлая музыка падбадзёрвала маленькіх гасцей парка культуры і адпачынку, якія ўдзельнічалі ў конкурснай праграме «У нас дзіцячы час!». З якім запалам яны імкнуліся заваяваць першынство ў спартыўных эстафетах, як танчылі! Усе ўдзельнікі конкурсу малюнкаў на паветраных шарыках «Малюем разам з мамамі» атрымалі за сваю фантазію білеты на атракцыёны. Дзеці і дарослыя з запалам спаборнічалі ў спартыўных конкурсах «Вясёлыя старты». А пасля абеду ўсіх прысутных парадаваў святочны канцэрт з удзелам народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы», а таксама творчых калектываў Полацкага раённага дома культуры і Полацкага гарадскога палаца культуры.
Працаваў святочны гандаль — можна было і поп-корнам пачаставацца, і паласавацца цукровай ватай. Дзейнічала выстава-продаж вырабаў дэкаратыўнага мастацтва, па-майстэрску зробленых удзельнікамі клубаў Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. Дарэчы, іх можна было выйграць і ў бяспройгрышнай латарэі! Адкрылася летняя міні-кавярня.
…Узгадалася, як дзесяцігадовым хлопцам бегаў сюды катацца на каруселях. Прайшло зусім няшмат часу, нейкія там дзесяць год, ды адчуваецца — нібы вечнасць. І так захацелася скінуць заплечнік, адкласці ў бок дыктафон і камеру і ўзняцца ледзь не да нябёсаў на старым добрым «Сюрпрызе!». А чаму б і не?..
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).