У Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2 прайшоў раённы этап ІІ Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Гэта мерапрыемства праводзіцца з мэтай павышэння цікавасці да літаратуры ў дзяцей і юнацтва, пашырэння чытацкага кругагляду.
У раённым этапе прынялі ўдзел 13 вучняў 5 і 6 класаў школ Полацка і раёна, якія сталі лепшымі ў сваіх школах і цяпер змагаліся за права прадстаўляць Полаччыну на рэгіянальным этапе спаборніцтваў. Дарэчы, пасля адбудуцца нацыянальны і заключны этапы конкурсу — апошні пройдзе ў Маскве 3-7 чэрвеня (у Сусветны дзень рускай мовы).
11-12-гадовыя школьнікі так выразна і яскрава чыталі ўрыўкі з празаічных твораў! «Мальчиш-Кибальчиш» Аркадзя Гайдара, «Бы» Віктара Драгунскага, «Сын полка» Валянціна Катаева, «Мишкина каша» Мікалая Носава… Кожны канкурсант наўпрост стварыў для прысутных атмасферу падзей, якія апісваліся ў творах.
Ацэньвала выступленні дзяцей прафесійнае журы пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Іны Волчак. У яго склад таксама ўвайшлі Наталля Задаліна, дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, Аляксандр Раткевіч, паэт, член літаратурнага аб’яднання «Полоцкая ветвь», Ірына Гавдур — метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Вольга Фёдарава — метадыст па тэатральным жанры раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Задача ў журы была няпростая, бо ўсе канкурсанты на «выдатна» паказалі свае чытальніцкія здольнасці. Аднак конкурс ёсць конкурс. Асноўныя крытэрыі ацэнкі — выбар тэксту, пісьменнасць маўлення і артыстычнасць. Удзельнікі маглі ўжываць мультымедыйнае і музычнае афармленне, касцюмы і разнастайны рэквізіт. Выступленне не павінна было перавышаць 5 хвілін.
Па выніках абмеркавання журы дыпломы I ступені атрымалі вучні Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2 Мацвей Бойка, Ангеліна Яўсеева і Аляксей Купцоў. Менавіта яны прадставяць Полаччыну на рэгіянальным этапе конкурсу. Гімназісты выкарыстоўвалі ў сваіх выступленнях музычнае аздабленне, крэатыўна падышлі да выбару касцюмаў і, канешне, выдатна дэкламавалі абраныя ўрыўкі. Дыпломы ІІ ступені — у Валерыі Голубевай (Ветрынская школа-інтэрнат), Ганны Асаргіной (ПДГ №1), Уладзіслава Астратава (Фарынаўская СШ). Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Маргарыта Шаўлюга (Ветрынская школа-інтэрнат), Крысціна Пугач (СШ №1) і Ангеліна Івановіч (ПДГ №1).
Дыпломы за ўдзел у конкурсе атрымалі Анастасія Хухракова і Кацярына Качан (СШ №8), Максім Тарасевіч (Фарынаўская СШ) і Антаніна Малей (ПДГ №1).
…Сёння прынята лічыць, што моладзь мала цікавіцца чытаннем. Але конкурс, які прайшоў у ПДГ №2, яскрава паказаў: варта разбураць гэты стэрэатып!
Пажадаем удачы гімназістам, якія будуць змагацца за званне лепшых у вобласці чытальнікаў, і спадзяемся, што пабачым іх імёны ў спісе пераможцаў нацыянальнага і заключнага этапаў!
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).