Дырэктар ААТ «Полацкі аграсервіс» Уладзіслаў Высоцкі: «Ёсць рукі, ёсць галава, хапае тэхнікі. І, галоўнае, аптымізму»

Главное Люди

З калектывам ААТ «Полацкі аграсервіс» мы сустрэліся якраз напярэдадні 8 сакавіка. Пабываўшы на цудоўным канцэрце, зладжаным мужской паловай Таварыства для калег-жанчын, пра справы размаўляць не хацелася — такі святочны настрой панаваў у зале. Але, як справядліва адзначыў дырэктар Уладзіслаў Высоцкі, нездарма ж жаночы дзень святкуецца напачатку вясны, калі абуждаецца прырода, з’яўляюцца першыя кветкі і надыходзіць час будаваць планы на ўвесь сезон.

Уладзіслаў Яўгенавіч ведае, пра што гаворыць. У сельскай гаспадарцы ён, бадай, усё жыццё. «Полацкі аграсервіс» узначальвае апошнія чатыры гады, за якія ў прадпрыемстве склаўся сапраўдны касцяк аднадумцаў, людзей, якія добра разумеюць задачы і гатовыя плённа працаваць. І хаця мінулы год быў даволі складаным для гаспадаркі, як, урэшце, і для ўсяго раёна, калектыў працаваў, як кажуць, самааддана. Пра гэта і пайшла наша гутарка.

— Уладзіслаў Яўгенавіч, у чым асаблівасць ААТ «Полацкі аграсервіс» як сельскагаспадарчага прадпрыемства?

— У тым, што яно — не цалкам сельскагаспадарчае. Мы прапаноўваем шырокі спектр паслуг менавіта ў плане аграсервіса — мантаж і абслугоўванне сушылак і малочнага абсталявання, перапрацоўка мінеральных угнаенняў, дастаўка гаруча-змазачных матэрыялаў і гэтак далей — для ўсёй вобласці. Такім чынам, вельмі залежым ад своечасовасці разлікаў прадпрыемстваў. А капейка рубль беражэ. Таму імкнемся развівацца, ісці наперад, прапаноўваць і асвойваць нешта новае. Ёсць у нас добрыя рамонтнікі, энергетыкі, жывёлаводы, раслінаводы, працуюць вадзіцелі, будаўнікі…. Усіх не пералічыш — у Таварыстве працуе тры сотні чалавек, і з такім калектывам мы можам усё!

— І ўсё ж асноўная дзейнасць Таварыства звязана з раслінаводствам і жывёлагадоўляй.

— Так, і ў апошні час сітуацыя склалася так, што мусілі выбіраць паміж малаком і зернем. Малако «пераважыла». Таму асаблівая ўвага — кармам. Назапасілі досыць, хопіць і на перахадны перыяд. У гэтым годзе паставілі мэту атрымаць у структуры кармавых пароўну сіласу і сенажу. Гэта забяспэчыць больш высокую якасць кармоў, а значыць, і малака. Самі плюшчым зерне — маем каля 600 т — а гэта таксама добры дадатак да харчавання жывёлы.

З іншага боку, у мінулым го­дзе ў нас на дзве тысячы гектар павялічыліся плошчы пад зерневыя. Для нашых працаўнікоў і нашага парка гэта добрая падстава развівацца.

— А чым запомніўся мінулы сельскагаспадарчы год?

— У першую чаргу, будаўніцтвам. Шмат чаго зрабілі для галіны жывёлагадоўлі. Па сакрэце скажу — нават хочам паспрабаваць пакідаць у гаспадарцы бычкоў на вырошчванне. Магчымасці для гэтага ёсць. Радуе, што знайшлі сродкі, у час адрамантавалі тэхніку — у нас трыццаць адзінак трактароў, чатырнаццаць машын. Парк добры, але, канешне, трэба і ў гэтым годзе набываць тэхніку. Як заўсёды, імкнуліся задзейнічаць людзей у рабоце круглы год, каб не адчувалася сезоннасць. Лічу, што атрымалася.

— Як не спытаць пра далейшыя планы… Чаму Вы надаеце больш увагі?

— Зараз перад намі стаіць задача дарабіць даільны зал у Саланіках, ды і ўвогуле завяршыць пытанні галіны жывёлагадоўлі. Гэта што да вытворчых планаў. Але ўпэўнены, што клапаціцца трэба не толькі пра працэс вытворчасці, але і пра ўмовы жыцця працаўнікоў. Таму плануем заняцца рамонтам жылля для работнікаў гаспадаркі, навесці парадак у вёсках Саланікі і Багатырская. Карацей, добраўпарадкаваць нашу зямлю, каб прыемна было ісці на працу і з працы.

— І, канешне, зараз галоўнае пытанне для ўсіх сяльчан — падрыхтоўка да сяўбы. Якая гатоўнасць у ААТ «Полацкі аграсервіс» у гэтым плане?

— Магу запэўніць, што веснавыя палявыя работы пройдуць на адным дыханні. Тэхніка гатовая, угнаенняў хапае, людзі маюць інтарэс да работы. І за гэтую работу яны павінны атрымаць належныя грошы. Хто зіму пратрымаўся і не збег (смяецца), будзе ўзнагароджаны. Улічваючы, што ў нас няма інвестара, павінны «круціцца» самі. І ў гэтай справе без упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, без Полацкага райвыканкама нам было б зусім цяжка. Карыстаючыся магчымасцю, шчыра дзякую за падтрымку — фінансавую, а галоўнае, маральную. Так што, бачыце, мы ў складаных умовах, але не журымся. Ёсць рукі, ёсць галава, хапае тэхнікі. І, галоўнае, аптымізму. Будзем сеяць!

— Дзякуй, Уладзіслаў Яўгенавіч, за гутарку. Жадаем поспехаў!

Гутарыла Варвара МАРОЗАВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *