Памёр народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін

Главное

2 сакавіка пасля доўгай цяжкай хваробы памёр беларускі паэт, перакладчык Рыгор Барадулін.

2010-BIGРыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў сялянскай сям’і на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, скончыў філалагічны факультэт БДУ.

Першыя вершы Барадуліна былі надрукаваныя ў газеце “Чырвоная змена”. Першы зборнік паэзіі “Маладзiк над стэпам” выйшаў у 1959 годзе.

Рыгор Барадулін — аўтар многіх кніг лірыкі, сатыры, зборнікаў для дзяцей. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. За паэму “Балада Брэсцкай крэпасці” ўдастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), за зборнік “Рум” і кнігу перакладаў лірыкі Ф.Гарсія Лоркі “Блакітны звон Гранады” — Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1976).

Усяго ж у народнага паэта выйшла каля 70 зборнікаў паэзіі. У 2006 годзе Барадулін трапіў у спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Вядомы паэт і перакладамі вершаў на беларускую мову. Ён узнагароджаны прэміяй Я.Купалы, ордэнам Дружбы Народаў, ордэнам “Знак Пашаны”, латвійскім Ордэнам Трох зорак, медалём Францыска Скарыны.

Барадулін пераклаў на беларускую мову “Слова пра паход Ігаравы” (1986), кнігу Федэрыка Гарсія Лоркі (“Блакітны звон Грэнады”, 1975), Габрыэлы Містраль (“Ветраліст”, 1984), Караля Вайтылы, “Руба” Амара Хаяма, твораў Шэкспіра, Байрана, Неруды, Міцкевіча, Ясеніна і інш. Летам 2006 года выйшла кніга выбраных вершаў Барадуліна “Руны Перуновы”. Рыгор Барадулін быў адным з лепшых знаўцаў беларускай мовы .

Барадулін — ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. А ў 1992 годзе Рыгор Барадулін стаў апошнім беларусам, якому надалі звання народнага паэта.

БЕЛТА.
Фота: baradulin.by.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *