21 лютага адбылося чарговае пасяджэнне Полацкага райвыканкама, удзел у якім прынялі намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дарашэнка, намеснік начальніка інспекціі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Таццяна Ліпская, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пранько, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Гуйвік, кіраўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў полацкага рэгіёну.
Пасяджэнне пачалося з урачыстасці: намеснік старшыні — выканаўчы дырэктар Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў Альберт Каралёў уручыў Дыплом пераможцы ў конкурсе «Кіраўнік года-2013» дырэктару ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васілю Хамёнку.
А потым распачалася сур’ёзная размова. Адно з асноўных пытанняў, вынесеных на парадак дня, тычылася вынікаў работы народна-гаспадарчага комплекса раёна, выканання бюджэта, фінансавага стану арганізацый у 2013 годзе і задач, што пастаўлены на 2014 год. На адкрыцці пасяджэння старшыня райвыканкама Мікалай Шаўчук звярнуўся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з прапановай пабудаваць размову ў дзелавым рэчышчы — такім чынам, каб вызначыць дакладную праграму дзеянняў на 2014 год, разам разгледзець шляхі пераадольвання існуючых праблем. Дарэчы, бізнес-планы абаронены, усе калектывы ведаюць свае задачы, стратэгіі іх вырашэння распрацаваны і трэба адразу, без прамаруджвання, брацца за працу.
Вынікі мінулага года і сёлетнія планы нагадаў прысутным у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Каладынскі. Справаздачу выканкам прыняў да ўвагі. Пастаўленыя задачы патрабуюць ад палачан напружанай, мэтанакіраванай работы на працягу ўсяго года. Асаблівая нагрузка, а значыць — і асаблівая адказнасць кладуцца на асноўныя валаўтвараючыя прадпрыемствы Полаччыны, а гэта — ААТ «Полоцк-Стекловолокно», ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» і ААТ «Полацкі малочны камбінат». І, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, трэба вызначыць найбольш вострыя, «балючыя» пытанні і засяродзіць увагу на выпраўленні становішча: «Арганізаваць штотыднёвы кантроль выканання ўсіх паказчыкаў на прадпрыемствах, куратарам сфер працаваць у адной звязцы з кіраўнікамі, разам вырашаючы праблемы».
У ходзе абмеркавання становішча ў эканоміцы Полаччыны акрэслена складаная сітуацыя на ААТ «Технолит Полоцк» і яго філіяле «Проммашремонт» па рэалізацыі вырабленай прадукцыі. Час веснавой сяўбы спрыяе пошукам спажыўца сельгасабсталявання, што незапатрабаваным апынулася на складзе, і маркетынгавай службе трэба прыкласці ўсе магчымасці і выкарыстаць такі момант. Занепакоенасць кіраўніцтва раённай улады выклікае таксама стан некаторых іншых прадпрыемстваў. Так, моцнай праграмы мадэрнізацыі патрабуе Полацкі вінаробчы завод — яна неабходна, каб прадпрыемства мела добрую перспектыву, вырабляла якасную прадукцыю. Шмат намаганняў належыць прыкласці і па захаванні Будаўніча-мантажнага трэста №22, які не выконвае праграму па будаўніцтве, і ўдыхнуць у яго новае жыццё. Дарэчы, па гэтым пытанні Мікалай Шаўчук выказаў сваю пазіцыю дакладна: «Трэсту — быць! Трэба дапамагаць, працаваць у накірунку рэструктурызацыі запазычанасці, усімі шляхамі зберагчы прадпрыемства».
Не менш катэгарычна прагучала і думка наконт прыватных прадпрыемстваў, якія працяглы час вядуць стратную дзейнасць. Як правіла, добрасумленныя ігракі «бізнес-прасторы» ў такім становішчы аб’яўляюць сябе банкрутамі, інакш — ёсць падстава меркаваць пра ўтойванне прыбытку. На неабходнасць сумеснымі намаганнямі працягваць работу па выяўленні ценявога бізнесу звярнуў увагу прысутных і намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дарашэнка. Увогуле, колькасць стратных прадпрыемстваў на полацкай зямлі за мінулы год значна скарацілася, але ў гэтым накірунку таксама трэба яшчэ шмат папрацаваць. Яшчэ адна задача — ушчыльную заняцца патэнцыяльнымі прамысловымі пляцоўкамі для прыцягвання інвестыцый, і такія месцы з прывабнай інфраструктурай у раёне ёсць.
У сельскай гаспадарцы — свая задача для атрымання дывідэндаў: павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, працягваць работу па стварэнні буйных сельскагаспадарчых холдынгаў.
У працэсе абмеркавання ўзнятых пытанняў на пасяджэнні райвыканкама былі заслуханы дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак і генеральны дырэктар ААТ «Полоцк-Стекловолокно» Мікалай Качаноўскі.
У завяршэнне тэмы старшыня райвыканкама Мікалай Шаўчук падзякаваў усім кіраўнікам за працу, якая дазволіла па выніках года ўтрымаць станоўчую дынаміку ў рабоце народна-гаспадарчага комплексу Полацкага раёна, і адзначыў:
— Усе мерапрыемствы павінны быць скіраваны на адзіную мэту — умацаванне дабрабыту, павелічэнне заработнай платы. У гэтай зале сабраны актыў Полаччыны, ад якога залежыць вырашэнне гэтых пытанняў. Рэалізацыя планаў дазволіць будаваць камфортнае жыццё, напаўняць бюджэт і ўмацоўваць дабрабыт палачан.
Аксана ШУЙСКАЯ.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.