У суботу, 1 сакавіка, — Масленіца!

Главное

З даўніх часоў у Беларусі, як і ва ўсім славянскім свеце, існуе традыцыя разам, весела і яскрава, развітвацца з зімой і адзначаць надыход вясны. Полацк — не выключэнне. 1 сакавіка а 10 гадзіне на плошчы Свабоды распачнецца традыцыйнае народнае свята «Да нас Масленіца прыйшла».

Песні, танцы, карагоды, вясёлыя жарты, смачныя пачастункі — усё гэта будзе прапанавана ўвазе ўдзельнікаў свята. А галоўным пачастункам для палачан і гасцей горада ў гэты дзень будуць, вядома ж, апетытныя беларускія дранікі і румяныя рускія бліны, якія сімвалізуюць цёплае веснавое сонейка.

На выставе-продажы, якая разгарнецца на праспекце Францыска Скарыны, прыхільнікі мастацкай творчасці змогуць набыць вырабы майстроў Раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур і творы выхаванцаў Дзіцячай мастацкай школы і Цэнтра дзяцей і моладзі.

Жадаючыя атрыма­юць магчымасць прыняць удзел у спаборніцтвах па міні-футболе, спартыўных гульнях. Таксама будуць наладжаны тэатралізаванае прадстаўленне і святочны канцэрт, гульні, конкурсы, атракцыёны, катанне на конях. А самыя спрытныя пазмагаюцца за перамогу, узнімаючыся на прызавы слуп, які будзе ўстаноўлены на плошчы. Тут упершыню адбудзецца атракцыён рыбнай лоўлі «Лавіся, рыбачка, вялікая і маленькая». За пакупкамі гасцінна запросяць гандлёвыя рады.

Завітайце на свята, сустрэньце вясну разам!

Алена КАЛЕНІК.

___________________________________

Масленіца — адно з самых старажытных народных святаў. Назву сваю атрымала за тое, што на працягу тыдня перад Вялікім пастом дазвалялася есць скаромныя прадукты, у тым ліку сметанковае масла. Ад мяса прадпісвалася ўстрымлівацца. Яго замянялі ў вялікай колькасці бліны — сімвал сонца, надыходзячай вясны.

Значная частка масленічных абрадаў і звычаяў была так ці інакш звязана з сямейна-шлюбнымі адносінамі і скіравана на тое, каб паскорыць вяселлі, садзейнічаць моладзі ў пошуках пары. Так, напрыклад, існаваў звычай на Масленіцу караць хлопцаў і дзяўчат, якія не ўзялі шлюб на працягу мінулага года, гэта значыць не выканалі свайго жыццёвыга прызначэння. Найбольш вядомым звычаем было «прывязванне калодкі», калі хлопцу або дзяўчыне прывязвалі да нагі «калодку» (кусок дрэва, галінку, стужку) і прымушалі хадзіць з ёй. Пакараныя павінны былі адкупіцца грашыма або пачастункам.

Кожны дзень масленічнага тыдня меў сваю назву і за кожным былі замацаваны пэўныя дзеянні, правілы паводзінаў, абрады і г.д. Чацвер, напрыклад, называўся шырокі, «конскае свята». З чацвярга, спыняліся ўсе працы. Раней гэта быў дзень ушанавання старажытнаславянскага бога Вялеса — ахоўніка хатняй жывёлы.Таму ў гэты дзень аб’язджалі маладых коней і быкоў, як галоўных памагатых у сельскагаспадарчых працах.

Усе абрады з хатняй жывёлай былі накіраваны на ўрадлівасць­. На гэта ж было накіравана і спальванне абрадавага пудзіла Масленіцы, якое ўвасабляла зіму і смерць, састарэлае жыццё, якое ўжо няздольна паўтарыць сябе на новым вітку часу. Таму пудзіла Масленіцы рабілі з непатрэбнай саломы і рытуалы яго праводзінаў павінны былі перадаць урадлівасць зямлі, бо попел ад пудзіла раскідвалі па палях.

Важнае значэнне надавалі апошняму дню Масленіцы, які называўся «даравальная нядзеля». У гэты дзень людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе прычыненыя за год непрыемнасці і крыўды. Увечар у «даравальную нядзелю» паміналі нябожчыкаў, часам хадзілі на могілкі.

Сэнс Масленіцы — выплюхванне назапашанай за зіму негатыўнай энергіі і вырашэнне розных канфліктаў паміж людзьмі. Масленічныя гулянні паўсюдна суправаджаліся раскладаннем вогнішчаў і рытуальнымі скачкамі праз агонь. Адметнай рысай гульняў былі масленічныя песні.

Вольга СІНЯЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік Полацкага  раённага ЦРНК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *