Сто зім бабулі Надзеі

Главное

У мінулую пятніцу, 10 студзеня, сваю сотую зіму сустрэла жыхарка вёскі Скавародзіна Палатоўскага сельсавета (зусім нядаўна — Юравіцкага) Надзея Іванаўна Герасімовіч.

3Свой юбілей бабуля чакала. Яны з дачкой Людмілай запрасілі ў госці шматлікіх сваякоў. У Надзеі Іванаўны было шасцёра дзяцей, на жаль, трое з іх — два хлапчукі і дзяўчынка — у Вялікую Айчынную вайну захварэлі на тыф і памёрлі, а яшчэ тры дачкі нарадзілі 4 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. У іх ужо даўно ёсць свае дзеці, а ў некаторых — і ўнукі. Увогуле, бабуля Надзея — багатая на нашчадкаў: у яе 9 унукаў, 12 праўнукаў і 8 прапраўнукаў!

Некалькі пакаленняў Герасімовічаў прыехалі павіншаваць бабулю. Госці расказалі, што ў краме нават не знайшлося паштоўкі з лічбай 100 — вось такі рэдкі юбілей ў Надзеі Іванаўны! У хаце было шмат народу — ад самых маленькіх, якія яшчэ не ходзяць, да пенсіянераў. Жонцы роднага брата Надзеі Іванаўны ўжо 88 гадоў! Вялікая колькасць кветак і святочны торт са свечкамі з лічбай «100» падкрэслівалі ўрачыстасць мерапрыемства.

Уручыць святочны букет доўгажыхарцы прыехала і мясцовая сельская ўлада. Старшыня Палатоўскага сельскага Савета дэпутатаў Інга Казлова зычыла бабулі моцнага здароўя. Інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Полацкага РАУС Таццяна Гузей уручыла юбілярцы новы пашпарт з тэрмінам дзеяння да 2039 года і цукеркі, пажадала Надзеі Іванаўне доўгага салодкага жыцця. Госця адзначыла, што ў новым 2014 годзе Надзея Іванаўна першая з доўгажыхароў Полаччыны сустракае 100-гадовую дату, а ў мінулым годзе яе равеснікаў было 4.

Пра сваё дзяцінства Надзея Іванаўна расказваць не захацела, патлумачыла: «Каб не плакаць­ у дзень нараджэння, бо лёс у мяне — складаны». Нарадзілася ў Польшчы, памятае, што бацька быў садоўнікам. Рана загінула маці, і яны з братам Станіславам трапілі ў Полацкі дзіцячы дом. У дзявоцтве была парабчанкай — багатая сям’я ўзяла яе да сябе, каб дапамагала па гаспадарцы. У Вялікую Айчынную вайну яна з дзецьмі апынулася аж у Смаленску. Працавала ўсё жыццё ў калгасе, ды не за грошы, а за так званыя працадні, ці, як даўней гаварылі, «за палачкі». Таму і пенсія ў яе невялікая.

На старасці гадоў Надзею Іванаўну забрала да сябе малодшая дачка Людміла. Пасля нядаўняй смерці зяця яны жывуць удваіх (на фота). Надзея Іванаўна заўсёды пачынае дзень з зарадкі. Некалькі гадоў таму яна перанесла складаную аперацыю, не хадзіла, але дзякуючы моцнай сіле волі ўстала на ногі і зараз паслухмяна выконвае параду доктара «больш рухацца». Пасля бабуля моліцца. У зваротах да Усявышняга просіць здароўя для ўсіх сваіх нашчадкаў, для любімай дачкі Людмілы, якая засталася адна з дзяцей.

Сваіх гасцей юбілярка парадавала спевамі. З задавальненнем выканала некалькі старадаўніх песень. Спявалі і госці. Людміла развяла мяхі гармоні — і стала ўсім весела і хораша. На­дзея Іванаўна з гонарам глядзела на сваю Людачку: яна добра грае, і стол накрыла багаты. «Галоўнае, каб ніхто галодны не застаўся!» — прывычка накарміць гасцей не давала спакою юбілярцы і ў той студзеньскі дзень.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *