Дзе можна пазнаёміцца з самабытнымі беларускімі рамёствамі? Навучыцца ствараць шэдэўры з самых розных матэрыялаў? Пазнаёміцца з таленавітымі майстрамі старажытнай полацкай зямлі? Вядома, у Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур.
На працягу мінулага года майстры народных клубаў «Роднасць», «Рошва», «Майстар» стваралі цудоўныя пано з лапікаў тканіны, рабілі прыгожыя аплікацыі з залатой саломкі, плялі з лазы, выразалі лялек з дрэва, вязалі пруткамі, кручком, вышывалі, паспявалі ўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і фестывалях. А напрыканцы года ў вялікай зале Раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася традыцыйная выніковая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народных клубаў «Майстэрства і свята для ўсіх».
Упершыню ў экспазіцыі прадстаўлены працы не двух народных клубаў «Рошва» і «Роднасць», а трох — да майстроў Полацка далучыліся ў мінулым годзе таленавітыя майстры з народнага клуба «Майстар» Полацкага раёна.
На ўрачыстым адкрыцці выставы дырэктар ЦРНК Валянціна Крук адзначыла, што год быў для майстроў вельмі насычаным, многія сталі дыпламантамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
— Нас у 2013 годзе стала на два дзясяткі больш. Павялічылася не только колькасць, але і якасць работ. Радуе, што з’явілася шмат маладых таленавітых майстроў, якія могуць і хочуць працаваць, — падкрэсліла Валянціна Іосіфаўна, — А яшчэ ў 2013 годзе мы працавалі з тэлеканалам «Самміт», з якім падрыхтавалі цыкл перадач пра асноўныя беларускія святы.
Кіраўнікі народных клубаў шчыра віншавалі сваіх майстроў з поспехамі, жадалі творчага настрою, натхнення і новых перамог.
— Удзел у конкурсах рознага ўзроўню — гэта добрая магчымасць для нас самаўдасканальвацца, вучыцца новым прыёмам лапікавага шыцця. Жадаю нашым умельцам добрага зроку, каб з лёгкасцю прадаўжаць творчасць і ствараць новыя шэдэўры, — гаворыць кіраўнік народнага клуба «Рошва» Ніна Ярмух.
На жаль, на ўрачыстае адкрыццё змаглі прыехаць не ўсе майстры, чые працы прадстаўлены ў экспазіцыі. Але кожны, хто прыйшоў, радаваўся за калег, з цікавасцю разглядаў шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
А падзівіцца было на што! Многія работы настолькі прыцягальныя, што не звярнуць на іх ўвагу проста немагчыма…
Алена Кулага, сябра народнага клуба «Рошва», займацца лапікавым шыццём з 2009 года:
— Раней я ніколі не шыла. А як выйшла на пенсію, зразумела, што трэба некуды рукі дзець, нешта рабіць. Прыяцелька прапанавала пайсці і паглядзець на «Полацкі абярог». Мне вельмі спадабалася. Маладая экскурсавод убачыла маю зацікаўленнасць і прапанавала зайсці ў майстэрню, — дзеліцца Алена Васільеўна. — А там я пазнаёмілася з Нінай Ярмух, якая запрасіла мяне на курсы лапікавага шыцця.
Зараз А.В.Кулага зацікавілася яшчэ і свабодным хадавым машынным прашываннем. Якія ж сумкі яна робіць! Словамі проста не перадаць!
У кожнага аўтара — свой шлях да творчасці, але кожны настолькі любіць сваё рамяство, што іх работы выпраменьваюць цяпло і саграваюць душу.
…Выстава майстроў народных клубаў Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур будзе працаваць да 25 студзеня. Спяшайцеся пазнаёміцца з шэдэўрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, можа, і вам захочацца навучыцца якому-небудзь рамяству.
Валянціна ШАВЯКА.
Фота Андрэя МАРЦІНКЕВІЧА.