Малако для сялян – самы грашовы тавар. Па выніках 2024 года вытворчасць гэтага каштоўнага прадукту знаходзілася на ўзроўні 104% да паказчыкаў 2023 года. За год жывёлаводамі атрымана 48 тысяч тон «белага золата». Барацьба за кожны яго кілаграм працягваецца і сёння.

Наталля Тышкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама, расказала пра сёлетнюю зімоўку жывёлы і стан спраў у жывёлаводчай галіне Полацкага раёна:
— Штодзень нашы гаспадаркі прадаюць дзяржаве амаль 126 тон малака. Колькасць раённага пагалоўя дойных кароў на 1 студзеня 2025 года — 9815 галоў. Буйная рагатая жывёла, якая ўтрымліваецца на малочнатаварных комплексах і фермах 12 сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, травяністымі кармамі забяспечана. Нядаўна часткова за сродкі абласнога бюджэту набыты камбікорм для навацельных і высокапрадукцыйных кароў з гаспадарак са складаным матэрыяльным становішчам. Жывёлаводы імкнуцца не здаваць заваяваных пазіцый па надоях. А яны залежаць ад стану здароўя жывёлы, якасці кармоў, догляду і нават ад надвор’я.
— Фермы з робатамі з’явіліся ў нашым раёне амаль 10 гадоў таму. Ці за імі будучыня ў вытворчасці малака?
— Не зусім. Такое абсталяванне патрабуе дарагога абслугоўвання. З эканамічнага боку — гэта раскоша. Таму на новых малочных комплексах, нядаўна пабудаваных у гаспадарках «Кушлікі» і «П-С Карпекі», будуць выкарыстоўвацца даільныя залы тыпу «паралель». Будаўніцтва сучасных ферм працягнецца і ў іншых гаспадарках, гэта прадугледжана дзяржаўнымі праграмамі. Паступова ўсе дойныя статкі будуць пераведзены на сучасныя малочнатаварныя комплексы.
— Якія сельгаспрадпрыемствы працуюць па вытворчасці малака больш эфектыўна?
— Гэта 4 сельгасарганізацыі з 6 сучаснымі малочнатаварнымі комлексамі з даільнымі заламі і беспрывязным утрыманнем пагалоўя. У гаспадарцы «Палімір-агра» два комплексы — у Семянцы і Гомелі. У філіяле «Вясна-энерга» добра зарэкамендавалі сябе робатазаваны комплекс у Заскарках і сучасная даільная зала ў Чарнаруччы. У гаспадарцы «Полацк-Мілк» працуе робатазаваная ферма ў вёсцы Нача. Жывёлаводы гаспадаркі «П-С Карпекі» высокіх надояў дасягаюць на малочнатаварным комплексе «Кауны» з даільнай залай. На пералічаных аб’ектах утрымліваецца 2300 кароў — 23% ад агульнага пагалоўя Полацкага раёна. Вось на гэтых комплексах можна ўдасканальваць тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, укараняць дасягненні навукі, захоўваць рэгламенты. У астатніх гаспадарках вытворчасць малака ажыццяўляецца на фермах, якім ужо шмат гадоў. Прывязная сістэма ўтрымання кароў і малакаправоды — гэта ўжо ўчарашні дзень.
— Там і надоі высокія, і якасць малака?
— На 6 комплексах, пра якія ідзе гаворка, у мінулым годзе ад агульнай вытворчасці малака атрымана 30% — болей за 1400 тон. Рэалізацыя малака — 100% сорту экстра, кошт якога — самы высокі. Прадукцыйнасць дойнага статка (удой на карову) за 2024 год па раёне склала 4865 кг на адну дойную галаву, на комплексах — 6423 кг. Розніца — адчувальная. А на робатазаванай ферме «Заскаркі» філіяла «Вясна-энерга», якую можна назваць малочным сэрцам нашага раёна, гэта лічба — 9780 кг на карову.
— Гаспадаркі «Вясна-энерга», «П-С Карпекі» і «Палімір-агра» маюць інвестараў…
— Падтрымка сялян прамысловымі прадпрыемствамі прыносіць добры вынік, назіраецца дынаміка ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Значыць і гэты дзяржаўны накірунак — правільны.
— А што датычыцца ўзнаўлення статка, захаванасці маладняку?
— Атрыманы нядрэнны задзел на 2025 год: прыплод — плюс 42 галавы да ўзроўню мінулага года. Гэта сведчыць пра інтэнсіўнасць па ўзнаўленні. На жаль, мы не пазбавіліся ад непрадукцыйнага выбыцця маладняку. Прычын для гэтага шмат, і працы для захавання жывёл наперадзе многа.
— Дзякуй за размову. Пажаданне жывёлаводам — захаваць вытворчасць малака на высокім узроўні.