Запаветныя 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове набралі 28 выпускнікоў школ Віцебшчыны летась.
Асноўная роля ў вывучэнні і захаванні беларускай мовы сёння належыць установам адукацыі, найперш – школам. Дзякуючы адукацыйным праграмам, згодна з якімі вывучаюць мову і літаратуру, а таксама намаганням педагогаў беларуская моладзь усведамляе культурную каштоўнасць роднай мовы і добра валодае ёю.
Набытыя ў дзяцінстве веды не страчваюцца з цягам часу. Таму і дарослыя, сталыя людзі, якія вучыліся ў школах Беларусі, нават калі не ўжываюць мову штодня, ці мала чытаюць па-беларуску, ці нячаста наведваюць культурныя і іншыя беларускамоўныя мерапрыемствы, з лёгкасцю разумеюць сваю мову.
– Калі мы хочам, каб зносіны нашых дзяцей адбываліся на беларускай мове, на ёй павінны пачаць размаўляць дарослыя, – упэўнена настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Віцебска імя Ж. Алфёрава, уладальнік малога «Крыштальнага жураўля» Алена Прымшыц. – Напрыклад, мы з вучнямі-старшакласнікамі маем зносіны на мове не толькі на ўроках або на пазакласных мерапрыемствах, але і на бытавым узроўні. Па-беларуску яны размаўляюць паміж сабою – і добра атрымліваецца!
Дзеці, якія шчыра цікавяцца сваёй мовай, адчуваюць яе трапнасць, мілагучнасць і іншыя добрыя якасці душою, – крыніца натхнення Алены Прымшыц. Але – адкуль узяліся б такія разумныя, схільныя да мовы дзеці, калі б ім не прапанавалі вучыць яе?
– На Віцебшчыне 114 беларускамоўных дашкольных дзіцячых устаноў, – дзеліцца фактамі начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай, спецыяльнай адукацыі і экспертнай дзейнасці Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Пікулік. – Абсалютная большасць з іх знаходзіцца ў раёнах. У Віцебску гэта толькі санаторны дзіцячы сад № 72 «Вясёлка». Аднак ва ўсіх без выключэння садках працуюць беларускамоўныя групы. Такім чынам, амаль 1,8 тысячы з больш як 40 тысяч маленькіх наведвальнікаў дашкольных устаноў гавораць у іх па-беларуску. Да таго ж, у кожным садку штотыдня праводзіцца так званы беларускі дзень з адпаведнымі заняткамі і мерапрыемствамі.
Першакласнікі знаёмяцца з мовай спакваля, пачынаючы з уводнага вуснага курса раз на тыдзень. Вучні 2 – 4-х класаў маюць у праграме па 2 гадзіны мовы і столькі ж – чытання. У 5 – 6-х класах дзеці двойчы на тыдзень займаюцца літаратурай і тройчы – мовай (беларускімі). У такім жа аб’ёме вывучаюць рускую мову і літаратуру. Такім чынам, выкарыстоўваецца білінгвістычны падыход да вывучэння абедзвюх дзяржаўных моў, які захоўваецца і ў старэйшых класах.
Міністэрствам адукацыі рэкамендаваны 12 факультатываў па беларускай мове і восем – па літаратуры для розных класаў. Таму для кожнага ўзросту можна зрабіць выбар. Да таго ж, нямала груп, у якіх вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Існуе спіс літаратуры, рэкамендаваны для пазакласнага чытання. Большасць беларускамоўных школ працуе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Міёрскім, Пастаўскім раёнах.
– За апошнія пяць гадоў істотных змяненняў у школьных праграмах не адбывалася, – паведамляе Валянціна Пікулік. – Выпускнікі 9-х класаў здаюць абавязковы экзамен па беларускай мове, раней – у форме дыктанта, цяпер – пераказа. Летась выпускнікі 11-х класаў сталі здаваць замест цэнтралізаванага тэста цэнтралізаваны экзамен па беларускай або рускай мове на выбар. Прыемна, што многія аддаюць перавагу беларускай мове. Сярод лідараў – Полацкі (90 чалавек), Глыбоцкі (71), Лепельскі (69) раёны, Наваполацк (67).
Варта адзначыць, што выпускнікі паказваюць годныя вынікі. Так, летась 100 балаў на ЦЭ па беларускай мове набралі 28 дзяўчат і юнакоў. Прычым пяць з іх – у Докшыцкім раёне, па чатыры – у Лепельскім і Наваполацку.
Спецыялісты лічаць, што цікаўнасць да вывучэння прадмета выклікае ў ліку іншага матэрыял, які прапануюць школьнікам. У праграме па літаратуры прадстаўлены беларускія класікі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Іван Мележ… Са знакамітых аўтараў, якія нарадзіліся на Віцебшчыне, – Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Канстанцін Вераніцын, Уладзімір Караткевіч.
– Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры маюць шчаслівую магчымасць падмацоўваць матэрыял, які выкладаюць дзецям, скарыстоўваючы магчымасці культурных і іншых устаноў, – адзначае Алена Прымшыц. – Сёння лёгка можна завітаць на спектаклі, канцэрты, дзе гучыць беларускае слова, пабываць у музеях, падарожнічаць па мясцінах, звязаных з нашымі паэтамі і пісьменнікамі. Наталяючыся іх атмасферай, пашыраючы свой кругагляд, школьнікі мацуюцца ў думцы аб тым, што яны з’яўляюцца часткай самабытнага народа з глыбокімі каранямі, багатай гісторыяй і культурай.
Школа дае добрую базу для таго, каб мы, беларусы, размаўлялі па-свойму, не цураліся роднай мовы. Мы яе ведаем, ды чамусьці пазбягаем. Магчыма, справа сённяшняй разумнай, дапытлівай, энергічнай моладзі зрабіць так, каб родная беларуская мова была з намі ў паўсядзённым ужытку.
Віцебшчына можа пахваліцца моцнай суполкай высокаадукаваных спецыялістаў — настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, адданых сваёй справе і Радзіме. Сем з іх маюць найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у тым ліку — уладальніца вялікага «Крыштальнага жураўля» Святлана Румянцава з Баравухскай СШ № 15 імя В. Маргелава г. Наваполацка. Яны з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі, распрацоўваюць метадычныя дапаможнікі і распаўсюджваюць перадавы вопыт работы для ўсёй рэспублікі.