Дэлегацыя Полацкага раёна прыняла ўдзел у заключным этапе абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023»

Заботы сельские

Заключны этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» адбыўся ў мінулую суботу ў Віцебску. Герояў хлебнай нівы, перадавікоў прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці напярэдадні іх прафесійнага свята ўшанавалі высокім словам, шчодрымі падарункамі.

Актыўны ўдзел ва ўрачыс­тасці прыняла і дэлегацыя Полацкага раёна на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Ігарам Марковічам.

Радасць галоўнага свята хлебаробаў раздзялілі ганаровыя госці: старшыня Нацыя­нальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка, кіраўніцтва галіновых ведамстваў і прадпрыемстваў, дэпутаты, старшыні райвыканкамаў і іншыя.
Афіцыйная частка свята пачалася з прывітальных віншавальных лістоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

А.Р.Лукашэнкі, старшыні Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Н.І.Качанавай. У сваім выступленні кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін адзначыў важкі ўклад працаўнікоў прыдзвінскага краю ў агульны каравай краіны:
— Дасягненні АПК — гэта вынік паўсядзённай напружанай працы простых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўчых арганізацый, спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і моладзі. Уборачная кампанія бягучага года стала сур’ёзным экзаменам для ўсіх. Поспеху спрыяюць аператыўнасць, строгае захаванне тэхналогій. Дзякуй усім за старанне і руплівасць.

Урачыстую частку свята распачала цырымонія ўзнагароджвання. Сярод самых старанных і дбайных працаўнікоў — кіраўнікі раёнаў, прадпрыемстваў, спецыялісты гас­падарак, камбайнеры, ва­дзіцелі, жывёлаводы, навучэнцы сельскагаспадарчых каледжаў і інш. Дыпломы, ганаровыя граматы, падзякі, грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі знайшлі сваіх дбайных гаспадароў.

Сучасныя сельскія працаўнікі — гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія ўмела кіруюць сельскагаспадарчай тэхнікай, працуюць на жывёлагадоўчых комплексах, у даільных залах, на палетках. Новыя тэхналогіі хуткімі тэмпамі ўкараняюцца ў сельскую гаспадарку, але гэта не палохае вяскоўцаў. Наадварот, яны з цікавасцю ставяцца да ўсяго новага і перспектыўнага.

Шмат прыемных эмоцый падараваў святочны канцэрт лепшых творчых калектываў Віцебшчыны, сярод якіх былі і прадстаўнікі Полаччыны. Сваім талентам шчодра дзяліліся артысты інструментальнага ансамбля «Фарынаўскія лыжкары» Фарынаўскай СШ, заслужанага аматарскага калектыва Рэс­публікі Беларусь народнага ансамбля народнай песні «Заманіха» Полацкага РЦК.

Агульную цікаўнасць выклікалі тэматычныя пляцоўкі, выставы-дэгустацыі, у тым ліку і з нашага раёна. Увагі заслугоўвалі і полацкія галоўныя сімвалы ўраджаю — святочныя каравай і сноп, якія траплялі на фатаграфіі ўдзель­нікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».

Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Мікалай Баратынскі, намеснік старшыні-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама, за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.
 Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана добрасумленная праца Пятра Каркліня, трактарыста-машыніста УП «Гараны-Агра», Вольгі Карклінь, студэнткі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. 
 Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэс­публікі Беларусь за высокі прафесіяналізм аб’яўлена Аляксандру Лінкевічу, трактарысту-машыністу УП «Полацк-Мілк».
 Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Аляксей Пласканос, аграном ААТ «Кушлікі», Мікалай Слабада, вадзіцель філіяла «Полацкія электрычныя сеткі». 
 У ліку пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу па культуры земляробства і добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый — УП «Палімір-агра» (дырэктар Віталь Цыранок).
 На высокім узроўні з боку Беларускага прафсаюза работнікаў АПК адзначана і праца Святланы  Дубоўскай, брыга­дзіра МТФ «Тросніца» ААТ «Полацкі аграсервіс» (заахвочана пуцёўкай у санаторый).