Сёлетняя цёплая восень дазволіла працаўнікам палёў своечасова ўбраць і пакласці на захоўванне вырашчаны ўраджай. Але аграрыі не спыніліся на дасягнутым, яны ўжо клапоцяцца пра наступны год.
Яшчэ ў жніўні ва ўсіх гаспадарках Полацкага раёна пачалася сяўба азімых культур. Спачатку пасеялі азімыя крыжакветныя, перавыканалі планавую лічбу па сяўбе рапсу, засеялі плошчу амаль 500 га. Кіраўнікі гаспадарак ужо сёння думаюць пра будучыню, таму пасеялі азімую сурэпіцу, якая ранняй вясной можа стаць спажыўным кормам для жывёлы. Пасеялі і азімыя зерневыя культуры: пры даведзеным плане 8500 га пасеялі 8700 га на зерне. Гэта задзел для атрымання будучага ўраджаю. Павялічылі плошчы азімага ячменю. У 2022 годзе яго было пасеяна 700 га, сёлетняй восенню — ужо больш за 2 тыс. га. На гэтую культуру гаспадаркі ўскладаюць надзеі, таму што папярэдні вопыт паказаў добры вынік. Уборка азімага ячменю пачынаецца рана, у ліпені, у кіраўнікоў гаспадарак будзе магчымасць рацыянальна размеркаваць працоўныя і тэхнічныя рэсурсы.
Усімі сельгаспрадпрыемствамі раёна поўнасцю выканана заданне па пераводзе жывёлы на зімне-стойлавае ўтрыманне. Вытворчасць малака па стане на ўчарашні дзень — 101% да ўзроўню мінулага года. Гэта сведчыць пра тое, што каровы паступова прывыклі да новага рацыёну кармлення.
Якой будзе зімоўка? Назапашана на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне 23,77 цэнтнера кармавых адзінак (у мінулым годзе было 27,86 ц.к.а). У шэрагу гаспадарак гэтыя лічбы — вышэйшыя: у «Кушліках» нарыхтавана 37,65 ц.к.а., у філіяле «Вясна-энерга» — 39,16 ц.к.а., у «Паліміры-агра» — 27,48 ц.к.а.
Зараз асноўная задача для сельгасарганізацый — узняцце зябліва на плошчах, якія вызваліліся пасля ўборкі ўраджаю. На палі актыўна ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Сярод лідараў у гэтай працы земляробы філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» і «Палімір-агра», дзе ўнесена больш за 7 тыс. т угнаенняў пад восеньскае ўзворванне. Гэтая праца будзе працягвацца, пакуль дазволіць надвор’е.