Сёння Шаркаўшчына сустракае абласны фесты­валь-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023»

Актуальное Заботы сельские

Сёння ў Шаркаўшчыне з самага ранку грае музыка — гасцінны гарадскі пасёлак сустракае абласны фесты­валь-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».

Стылістычную тэматыку свята падкрэслівае зялёны яблык — турыстычны брэнд працалюбівай Шаркаўшчыны. Ён вызначаны ў гонар земляка, вядомага садавода-селекцыянера Івана Сікоры, які нарадзіўся і працаваў у гарадскім пасёлку, вывеў беларускі сорт яблык «памяць Сікоры».

На абласныя «Дажынкі» прыехала кіраўніцтва Віцебскай вобласці на чале з Аляксандрам Субоціным. У ліку ганаровых гасцей — Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама. Разам з прадстаўнікамі ўсіх раёнаў Віцебшчыны бя­руць удзел у свяце і прадстаўнікі Полаччыны. Полацкі аграрна-тэхнічны каледж працуе на пляцоўцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці, якія раскрываюць перад гасцямі свята свой невычэрпны патэнцыял. Прыехалі на свята ўраджаю і працаўнікі Полацкага хлебазавода. Разам з хлебапёкамі з іншых раёнаў яны ўдзельнічаюць у традыцыйнай выставе «Дажыначны каравай» ААТ «Віцебскхлебпрам». Рознымі прысмакамі частуюць гасцей свята працаўнікі ААТ «Полацкі малочны камбінат». Разам з іншымі гандлёвымі прадпрыемствамі вобласці яны ствараюць асаблівую хлебасольную атмасферу абласных «Дажынак».

Галоўнымі падарункамі да свята для жыхароў Шаркаўшчыны сталі адноўленая школа, новы 40-кватэрны дом, мадэрнізаваныя аб’екты газавай службы і электрычных сетак.  

У праграме фестывалю амаль 50 мерапрыемстваў на любы густ і ўзрост, мясцовыя жыхары і шматлікія госці пад­рыхтавалі патрыятычныя, культурныя, спартыўныя і забаўляльныя праграмы. На ўрачыстым адкрыцці свята адбудзецца канцэрт легендарнага ансамбля «Сябры». Святочную атмасферу ў вячэрні час падтрымае група «Дразды». Завершыцца святочная дзея лазерным шоу, дыскатэкай і феерверкам.

Вынікі сельскагаспадарчага года з ушанаваннем перадавікоў вытворчасці падвядуць у лістападзе, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, у галоўнай канцэртнай зале «Віцебск» абласнога цэнтра.