Падчас Скарынаўскіх дзён у Полацку, у Дзень бібліятэк аб’явілі лаўрэата сёмай Літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага.
У гонар пісьменніка-франтавіка
Знамянальная падзея адбылася ў рамках паэтычнага open-air «Вершы над горадам». Прэмія Алеся Савіцкага прысуджаецца аўтарам, якія ўносяць уклад у захаванне і развіццё мастацкай літаратуры. Раней лаўрэатамі прэміі станавіліся ўраджэнцы Полаччыны Віктар Карасёў, Уладзімір Аляксееў, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Тачыла, Пётр Буганаў, Мікалай Хахлоў.
Сёлета на ўручэнне ўзнагарод прыехалі ганаровыя госці: Навум Гальпяровіч, пісьменнік, публіцыст, ганаровы грамадзянін г.Полацка, Алесь Карлюкевіч, пісьменнік, краязнаўца, журналіст, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама пісьменнікі Валерый Максімовіч, Рагнед Малахоўскі, Дзмітрый Нілаў. «Гэта шчасце, што памяць пра Алеся Ануфрыевіча з годнасцю захоўваецца на яго радзіме, — вітаў удзельнікаў і арганізатараў Навум Якаўлевіч. — Калі я прыязджаю ў родны Полацк з сябрамі-пісьменнікамі, мне хочацца паказаць родную зямлю, свой край, адкуль родам многія вядомыя людзі».
На саісканне прэміі было пададзена больш за 40 заявак аўтараў з Беларусі, Расіі, Казахстана. У конкурсе прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, Саюза журналістаў Расіі, удзельнікі літаб’яднанняў Полацка і Наваполацка. Сярод іх — урачы, настаўнікі, мастакі, юрысты, узрост якіх ад 18 да 84 гадоў.
Права ўручыць сёмую Літаратурную прэмію імя Алеся Савіцкага прадаставілі Алесю Карлюкевічу:
— У Полацку нарадзілася слова. Гэты горад яднае не толькі мясцовых літаратараў, але і з усіх куткоў свету. Тут ёсць выдатныя арганізатары кніжнай справы — супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы. Спадзяюся на творчыя і мастацкія здабыткі і ў далейшым.
У гэтым годзе прэмію прысудзілі дзіцячаму пісьменніку з Мінска Дзмітрыю Мікалаеву. Журы таксама вылучыла двух дыпламантаў: Канстанціна Нілава — за арыгінальнае раскрыццё патрыятычнай тэмы — і Веру Зелянко — за раскрыццё тэмы выхавання і любові да роднага краю.
Наша сучаснасць
У Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.Скарыны прайшла дыялогавая пляцоўка. У ёй прынялі ўдзел пачэсныя госці, літаратары, моладзь Полацкага ляснога каледжа і ПДГ №2. Спікеры адказалі на шэраг пытанняў, у тым ліку якія датычацца высокай інтэлектуальнай прозы, масавай друкаванай літаратуры. Акрэслены асноўныя задачы дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі і яго роля ў падтрымцы рэгіянальных літаб’яднанняў.
— Атрымаўся жывы дыялог. Нашы юныя слухачы запытвалі пра айчынную літаратуру, пісьменнікаў-сучаснікаў. Было вельмі цікава, — падкрэсліла Вольга Куцына, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф.Скарыны.
У гэты ж дзень у межах Скарынаўскіх дзён у Полацку ля памятнага знака «Геаграфічны цэнтр Еўропы» адбылася тэматычная пляцоўка «Гадзіна паэзіі». Палачанам і гасцям горада свята кнігі і слова запомнілася яркімі песнямі і пранізлівымі радкамі. Паралельна можна было прыняць удзел у шматлікіх гульнях, віктарынах, конкурсах, зрабіць фота на памяць. Таксама прыцягнулі ўвагу ўдзельнікаў творчай пляцоўкі прэзентацыі выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтва «Народная асвета», дзе можна было не толькі набыць кнігі са значнай скідкай, але і пагутарыць з пісьменнікамі і атрымаць у іх аўтограф.
Дзмітрый Мікалаеў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг для дзяцей «Прыгоды цікаўнага ваўчаняці», «Павучок Проня», «Піцер, Лэйла і Крышталі дабра», «Калядныя цуды» і інш. Яго дэвіз па жыцці — «Трэба любіць тое, што робіш, і ўсё атрымаецца».
Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.