95-годдзе адзначыла народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне»

Культура

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае дню нараджэння аднаго са старэйшых літаб’яднанняў нашай краіны, адбылося ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Святочная імпрэза сабрала ва ўтульнай зале актыўных удзельнікаў «Наддзвіння», аматараў і прыхільнікаў шчырага беларускага слова.

З цікавасцю ўспаміналі гісторыю станаўлення і развіцця літаратурнай суполкі да народнага літаратурнага аб’яднання, таленавітых аўтараў. Шмат добрых слоў было сказана ў адрас наддзвінцаў. Відэавіншаванне даслаў пісьменнік, паэт, ганаровы грамадзянін г.Полацка, тэлевядучы, радыёжурналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, шлях якога ў літаратуру пачынаўся таксама з «Наддзвіння», Навум Гальпяровіч: «Памятаю 1967 год, калі прыйшоў у полацкую газету, разам са мной працаваў у той час Іван Стадольнік. Яго абралі старшынёй аб’яднання, мяне — сакратаром. Пэўны час пасяджэнні праводзіліся менавіта ў рэдакцыі. Дзейнасць «Наддзвіння» — гэта цэлая эпоха ў гісторыі нашай літаратуры, выдатныя беларускія пісьменнікі з’яўляліся наддзвінцамі. Сённяшнія аўтары таксама актыўна друкуюцца, з’яўляюцца сябрамі Саюза пісьменнікаў. Жадаю сваім калегам творчага поспеху, плёну, натхнення».

Як ні сумна пра гэта гава­рыць, але за апошні год пайшлі з жыцця таленавітыя наддзвінцы: Аркадзь Ефішэнка, Ала Іванова, Алена Яронька, Герман Палынскі, Мікалай Балдоўскі, Віктар Карасёў…

Сёння «Наддзвінне»  знахо­дзіцца ў пастаянным руху: аднаўляецца яго склад, ідзе пошук новых форм і метадаў работы. Зараз у складзе аб’яднання — 27 удзельнікаў. Сярод іх — 3 члены Саюза пісьменнікаў Беларусі (Галіна Загурская, Пётр Буганаў, Ірына Багданава), член Саюза пісьменнікаў Расіі (Анатоль Бясперстых), 3 члены Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі (Анатоль Бясперстых, Ірына Багданава, Пётр Буганаў).
Былая наддзвінка Надзея Салодкая не парывае сувязі з аб’яднаннем. Па стане здароўя яна не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве, але шчыра павіншавала літаратараў і перадала ў фонд «Наддзвіння» стос кніг.
Члены «Наддзвіння» актыўна ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах і праектах, амаль на кожным свяце гучаць іх вершы, многія становяцца лаўрэатамі літаратурных прэмій. Падчас урачыстасці многія аўтары адзначаны заслужанымі ўзнага­родамі.

Ганаровымі граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі за прапаганду беларускай літаратуры і ў сувязі з 95-годдзем «Наддзвіння» ўзнагароджаны Валянціна Сопікава (кіраўнік літаб’яднання), Ірына Багданава, Галіна Загурская, Пётр Буганаў.

Падзякі старшыні Полацкага райвыканкама за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю літаратурных традыцый, актыўны ўдзел у культурным жыцці Полацкага раёна аб’яўлены народнаму літаратурнаму аб’яднанню «Наддзвінне» і Ірыне Багданавай. Шэраг наддзвінцаў узнагароджаны граматамі аддзела культуры Полацкага райвыканкама.

У святочны вечар гучалі віншаванні ад ганаровых гасцей, сяброў, кіраўнікоў літаратурных суполак Полаччыны. Творчыя падарункі ад наддзвінкі Яны Гільмулінай, загадчыка Багатырскай бібліятэкі-філіяла №48 Іны Карабан, ансамбля «Полацкія россыпы» сталі прыемным дапаўненнем святочнай атмасферы.

Увогуле багата вершаў, успамінаў, шчырых ажаданняў. Літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне» шмат робіць для таго, каб захоўвалася прыгажосць беларускай мовы, слова было важкім і выразным, а іскра творчасці ніколі не згасала…

Тамара КРАСНОВА-Гусачэнка, старшыня Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:
 — Дзейнасць «Наддзвіння» прадстаўлена ў зборніках, альманахах, аўтарскіх кнігах, перыядычных выданнях. Творчыя дасягненні членаў калектыву праўляюцца ў актыўным удзеле ў міжнародных  і абласных літаратурных конкурсах, па выніках якіх наддзвінцы ўзнагароджаны дыпломамі пераможцаў. Вы ўносіце важкі ўклад у развіццё літаратуры Полаччыны і нашай краіны, праводзіце вялікую работу па патрыятычным выхаванні палачан.