Таямнічая, загадкавая, займальная ноч, якую чакалі цэлы год, зноў сабрала палачан у музеях.
Міжнародная акцыя
Кожны год Міжнародная Рада музеяў абвяшчае дэвіз акцыі. Дэвіз 2022 года – «Сіла музеяў». Полацкія музеі прытрымліваюцца дэвізаў, але імкнуцца прымеркаваць акцыю, у епершыю чаргу да важнай гістарычнай падзеі горада.
— Кожны раз мы прыдумляем тэму, часта яна супадае з гістарычнымі вехамі Полацка. І не дзіўна, што тэма сёлета — 1160 гадоў з дня заснавання Полацка. Усе нашыя музеі рыхтуюцца да акцыі загадзя. Ствараецца незвычайная атмасфера. І мы рады, што палачане кожны год актыўна прыходзяць да нас, — расказала Тамара Джумантаева, дырэктар Полацкага НПГКМЗ.
І сапраўды, нягледзячы на праліўны дождж на вуліцы, у музеях быў аншлаг, палачане і госці горада спяшаліся паглядзець на ажыўшую гісторыю…
Гісторыя ў мініяцюрах
Філасофскую, яркую праграму прапанаваў Краязнаўчы музей. Ажыўшыя дрэвы, як сімвал полацкага роду, кубічныя сферы, якія нагадваюць крохкасць быцця, вобраз крывіча і крывічанкі, абаронцаў старажытнай полацкай зямлі, сярэднявечныя касцюмы на вехах гісторыі, чырвоныя касцюмы, якія нагадваюць нам пра шматлікія кровапралітныя войны. У гэты вечар наведвальнікі музея ўбачылі не проста экспазіцыі, але пагрузіліся ў свет пластыкі, дзе словы для разумення не патрэбны.
— Мы ўдзячныя ўзорнай студыі сучаснай пластыкі «Імпульс» і эстрадна-цыркавой студыі «Кураж», — адзначае Ірына Воднева, загадчык Краязнаўчага музея. – Ім удалося ў невялікую праграму змясціць шматвяковую гісторыю Полацка: ад Гарадзішча да страшных вогненых XX стагоддзя.
Свет дзяцінства
Хлопчыкі і дзяўчынкі з дарослымі спяшаліся ў Дзіцячы музей. Гульні, фрэгат, лабірынт, інфармацыйны кіёск з гульнёй «Суаднясі прадметы мінулага і сучаснасці», выстава паштовак з калекцыі Ігара Супранёнка, на якіх намаляваны Полацк XX стагоддзя… Але больш за ўсё прыцягвала да сябе інтэрактыўная гульня «Займальная археалогія», дзе дзятва даведалася, хто такія археолагі і чым яны займаюцца. Пазнаёміліся з паняццем “культурны пласт” паглядзелі на цацкі, з якімі гулялі нашы продкі. Аднак непадробнае захапленне дзеці адчулі, калі ў пяску адшуквалі сапраўдныя гістарычныя артэфакты.
Многія бацькі хлапчукой і дзяўчынак, адзначалі, што яны плануюць наведаць яшчэ і Прыродна-экалагічны музей. Там можна было прыняць удзел у квэсце, намаляваць герб музея, пазнаёміцца з выставай «Сімвалы. Гербы. Знакі», якая раскрывае паняцці “філумення”, “фалерыстыка”, “сігнуманістыка”.
Выдатная Беларусь
Аматары фотамастацтва сабраліся ў Мастацкай галерэі, каб атрымаць асалоду ад творчасці Сяргея Плыткевіча і яго сумеснага праекта з Гравернай майстэрняй і навучэнцамі ляснога каледжа.
Сяргей Плыткевіч з’яўляецца дырэктарам краязнаўчага выдавецтва “Рыфтур” і адначасова выдатным фотамастаком, які правёў дзясяткі персанальных мастацкіх выставак, выдаў серыю фотаальбомаў пра Беларусь. Ён з’яўляецца заснавальнікам інфармацыйнага партала planetabelarus.by.
Горад над Дзвіной з’яўляецца для Сяргея Міхайлавіча важным пунктам адліку і ў жыцці, і ў творчасці, і ў імкненні адкрыць Беларусь для ўсяго свету: «Мы павінны даказаць свайму народу, што жывем у вельмі прыгожай і годнай краіне». На выстаўцы прадстаўлена 99 работ, якія адлюстроўваюць прыгажосць Беларусі, веліч архітэктурных аб’ектаў, філасофію прыроды. А студэнты ляснога каледжа прадставілі друкаваныя гравюры, створаныя па фотаработам майстра.
… і забег
Адметнай асаблівасцю Ночы музеяў-2022 стала правядзенне аматарскага лёгкаатлетычнага прабегу Sport. Museum. Night, арганізатарамі якога выступілі Полацкі райвыканкам і аддзел спорту і турызму. Больш за 300 удзельнікаў, аб’яднаныя агульнай ідэяй, прабегліся з ліхтарыкамі па турыстычнай вуліцы Полацка — Ніжне-Пакроўскай, але перад гэтым прынялі ўдзел у віктарыне на веданне гісторыі роднага горада, размяліся разам з трэнерам міжнароднага класа Вікторыяй Незгаддзінскай. І нават дрэннае надвор’е не спыніла аматараў спорту і гісторыі. Яны пераадолелі адлегласць у 1 км, наведваючы на шляху руху музеі, дзе сустрэліся з захавальнікам часу, пазнаёміліся з чайнай цырымоніяй, склалі гісторыю Полацка “па цаглінах” і сталі ўдзельнікамі фаер-шоу.
Гісторыя кахання
А завяршыў музейнае свята канцэрт у Сафійскім саборы, які ў начны час набыў асаблівае зачараванне. Падарункам для аматараў музыкі стала праграма «Гісторыі кахання. Музыка для аргана і голасу». У выкананні арганісткі Ксеніі Пагарэлай і расійскай спявачкі Таццяны Сучковай-Гаўрыілавай прагучалі вядомыя песні з рэпертуару Мірэй Мацьё, Джо Дасена, Шарля Азнавура, Secret Garden, Nightwish.
І гэта не ўсе мерапрыемствы, якія падрыхтавалі музейныя супрацоўнікі для палачан. Былі і танцы, і этнічная музыка ў выкананні гурта “Варган”, сумесная творчасць, віктарыны і знаёмства з Каракіяй. Насычанае, яркае свята яшчэ надоўга застанецца ў памяці яго ўдзельнікаў.
Кажуць палачане:
Іван Драздоў:
— Паспелі з дачкой за вечар наведаць некалькі музеяў. Уразіў экалагічны музей. Людзей шмат, цікавы квэст, пазнавальная выстава па геральдычных жывёлах. І з задавальненнем прынялі ўдзел у лёгкаатлетычным кросе.
Паліна Шчарбіцкая:
— Выстава Сяргея Плыткевіча вельмі спадабалася, раней з творчасцю аўтара знаёмая не была. Фотаработы ўражваюць. У акцыі “Ноч музеяў” бяру ўдзел не першы раз. Мастацкую галерэю наведваю часта. Падабаецца, што тут увесь час змяняюцца экспазіцыі. Кожны раз гэта нешта неверагоднае.
Ганна Яфімава:
— Першы раз наведваем Ноч музеяў. Выдатна ўсё прыдумана. Дзяцей не выцягнуць з Дзіцячага музея.