Малако па харчовых якасцях займае першае месца сярод усіх жывёлагадоўчых прадуктаў і з’яўляецца крыніцай многіх карысных рэчываў для чалавека. Таму вытворчасці «белага золата» надаецца пільная ўвага і ў Рэспубліцы Беларусь, і ў нашым Полацкім раёне.
Павелічэнню вытворчасці карыснага прадукту, які з задавальненнем спажывае большая частка насельніцтва, у гаспадарках Полацкага раёна спрыяюць якасныя кармы, умовы ўтрымання жывёл, добрасумленне стаўленне да працы спецыялістаў сельгасвытворчасці і жывёлаводаў.
Пра «барацьбу за малако», якая не першы год вядзецца ў філіяле «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» распавёў яго дырэктар Віталь Кузякоў.
— Сітуацыя з вытворчасцю малака ў нашай гаспадарцы значна палепшылася, калі ў нас з’явіўся інвестар у асобе галоўнага перапрацоўшчыка малака ў Полацку. З таго часу прайшло 4 гады, многае зроблена для павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Праведзена рэканструкцыя трох малочнатаварных ферм, чацвёртая ферма пераведзена на рабатызаванае даенне. Карысць ад зробленага — вялікая. Умовы працы жывёлаводаў палепшыліся, яны сталі больш старацца, імкнуцца павялічваць надоі, каб атрымаць большую зарплату. Дарэчы, у нас не бывае затрымак выплаты грошай, і гэта ўжо дасягненне. Тыя, хто працуе з добрым вынікам, атрымліваюць дастойнае ўзнагароджанне за старанне. Сярэдні заробак па нашай гаспадарцы — 5 мільёнаў 300 тысяч рублёў (да дэнамінацыі).
Але вернемся да «робатаў». Спецыялісты філіяла «Мілк-Агра» прыйшлі да высновы, што новае абсталяванне лепш выкарыстоўваць для раздою першацёлак. Вопытны заатэхнік гаспадаркі Святлана Курс упэўнена, што даярка не зробіць тое, што можа робат. Сучаснае абсталяванне дазваляе індывідуальна працаваць з кожнай каровай. Апарат счытвае інфармацыю, вызначае, колькі, напрыклад, камбікорму трэба дабавіць жывёле для павелічэння ўдою. Ці, калі карова хворая, — малако ад яе збіраецца ў асобную тару. З рабатызаванай фермы і з трох даільных залаў малако здаецца на малочны камбінат толькі сортам «экстра».
Зараз у філіяле налічваецца 590 галоў дойнага статка — з пачатку года колькасць кароў павялічылася на 86. Але да канца года, мяркуе Віталь Кузякоў, яны выканаюць план, і будуць даіцца 600 карміцелек.
Чым больш гаспадарка атрымае малака — тым больш сродкаў можна патраціць на зарплату, на бягучую дзейнасць, на паліва, на запчасткі. Гэтую простую ісціну добра разумеюць усе працаўнікі, і таму кожны на сваім месцы імкнецца спрыяць павелічэнню вытворчасці «белага золата». Распрацаваны метады матэрыяльнага стымулявання работнікаў. Кожны па свайму роду дзейнасці ўносіць уклад у агульную справу. Ад колькасці, якасці малака залежыць зарплата ў аператараў машыннага даення, у павелічэнні прыплоду зацікаўлены асемянатары. Спецыялісты пастаянна сочаць за станам здароўя жывёлы, лечаць хваробы.
Якімі шляхамі дасягаецца павелічэнне вытворчасці малака, і што дазваляе ўтрымліваць паказчык яго валавой вытворчасці на ўзроўні 102% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года? Віталь Кузякоў лічыць, што ў першую чаргу грае ролю вялікая праца па паляпшэнні якасці прадукту, у другую — дабаўка ў рацыён жывёлы канцэнтратаў. Навучыліся закладваць сянаж з захаваннем тэхналогіі, знаходзіцца на кантролі якасць размолу кармоў, укараняецца практыка адрасных канцэнтратаў. Плюс прэміксы, вітаміны, розныя дабаўкі. Вось нядаўна закупілі для каровак патаку — і малачко «пайшло» ўверх. Зараз у філіяле валавая вытворчасць за дзень складае 9000 кілаграмаў малака, надой на карову — 15,25 кілаграмаў (у сярэднім па Полацкім раёне — 11,3). Пра тое, што дырэктар і спецыялісты гаспадаркі пастаянна шчыруюць над павелічэннем вытворчасці малака і паляпшэннем яго якасці, і дынаміка ў працы — бачная, зазначае і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч.
Васіль Пятровіч назваў калег-паплечнікаў, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі, разам яны штодня імкнуцца выканаць пастаўленыя задачы. Гэта галоўны заатэхнік Святлана Курс, асемянатар Уладзімір Мацеленак, заатэхнік-селекцыянер Ганна Шнітко, галоўны ветурач Мікалай Ляшкевіч. Гэты спіс можна прадоўжыць прозвішчамі аператараў машыннага даення, механізатараў.
Не без засмучэння дырэктар філіяла зазначыў, што пакуль не ўсе падначаленыя лічаць агульную справу сваёй. Ён бы з радасцю запрасіў на працу некалькі новых спецыялістаў, але, на жаль, для іх няма жылля. Непакоіць дырэктара і тое, што маладыя кадры не затрымліваюцца ў вёсцы. Сам ён ездзіць на працу кожны дзень з Полацка, таксама пасля заканчэння вучобы, атрымання прафесіі інжынера, прыехаў працаваць у сельскую гаспадарку. Не ўтойвае, што прывыкаў доўга, але хацеў працаваць. Жаданне, на яго думку, пераадолее ўсе перашкоды. Віталь Пятровіч працуе з надзеяй на лепшую будучыню і імкнецца ўсімі намаганнямі яе наблізіць.