Полацкія аматары лазні прайшлі выпрабаванні гарачай парай, ледзяной вадой і снегам (ФОТО)

Главное

Мінулая субота надоўга запомніцца аматарам актыўнага адпачынку з Полацка і Полацкага раёна.

Слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за нуль на 10 рысак, а ўдзель­нікі чэмпіянату «Знакамітыя Полацкія лазні-2016» з самага ранку накіраваліся на маляўнічы бераг возера Канашы ў Вароніцкі сельсавет, у агра­экасядзібу «Канашы-Агра», дзе іх чакаў адпачынак на свежым паветры.
Аматары лазні, якія маюць стаж актыўнага парэння не меней за 3 гады, выстраіліся ў чаргу на рэгістрацыю. Жаданне пасупернічаць у выпрабаваннях гарачай парай, ледзяной вадой і снегам выказалі 9 каманд у складзе мужчын і жанчын. Яны прадстаўлялі працоўныя калектывы арганізацый «Полацкбыта», «Полацкгаза», Полацкага занальнага вузла электрычнай сувязі, «Полацкводаканала», «Полацкіх электрасетак», Полацкага малочнага камбіната, Полацкага хіміка-тэхналагічнага кале­джа, Ветрынскага сельсавета і в/ч 1464 з г.Дзяржынска Мінскай вобласці.

А суддзі — хто?

Падыход да судзейства на чэмпіянаце быў самы сур’ёзны. Прадугледжвалася налічэнне балаў парыльшчыкам за час знаходжання ў парылцы (тэмпература болей за 100 градусаў і кожныя 30 секунд — паддавалі жару) і выпрабаванне венікам, а таксама за ныранне ў ледзяную ваду і снег і ўдзел у віктарыне.
Узначаліў судзейскую брыгаду трэнер-выкладчык па кікбоксінгу Полацкай

СДЮШАР Сяргей Гурчонак, дапамагалі яму калегі па працы. Адзін з іх — таксама трэнер-выкладчык па кікбоксінгу Вячаслаў Сысоеў — адчуў хараство лазневых выпрабаванняў на сабе і застаўся задаволены. Усіх, хто выходзіў з лазні, балельшчыкі віталі шчырымі словамі «З лёгкай парай!».

Падыходзьце, частуйцеся!

Дэгустацыйна-забаўляльную праграму «Рускі самавар» забяспечылі супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Полацкага райвыканкама, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна, а таксама прадстаўнікі трох полацкіх прадпрыемстваў.
Яны прапаноўвалі пачаставацца гарачым чайком з духмяным пірагом ды бублікамі, прадэгуставаць прадукцыю Полацкага філіяла кандытарскага камбіната «Віцьба». Адказныя за дэгустацыю супрацоўніцы філіяла Валерыя Саланенка і Марына Осіпава выказвалі задавальненне ад таго, што многія палачане добра адгукаліся пра іх салодкія вырабы.
Наслухаліся прыемных слоў у адрас сваёй прадукцыі і супрацоўнікі ААТ «Полацкі малочны камбінат» Марына Алейнік і Святлана Палачанін. Запатрабаванай пасля лазні была і прадукцыя прадпрыем­ства «Полацкія напіткі і канцэнтраты», якую прывезлі Віктар Сельвіч, Алег Круцько і Таццяна Дрозд. Да смачнага квасу, мінеральнай вады яны прапаноўвалі хлябцы вытворчасці Полацкага хлебазавода.
Палачане з задавальненнем удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі і атрымлівалі сувеніры на памяць, якія зрабілі наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнт­ра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна. Кожны твор — цікавы, выраблены з душой — падарыў станоўчыя эмоцыі ўсім, каму па­шчасціла яго выйграць.
Пачастункі для гасцей падрыхтавалі і гаспадары аграэкасядзібы «Канашы-Агра». Майстар па гатаванні шашлыкоў Мікалай Пашкевіч не расчараваў аматараў гэтай смакаты.

Пераможцам — прызы

Сярод каманд найбольшую коль­касць балаў набралі работнікі прадпрыем­ства «Полацкводаканал» Людміла Сарока і Руслан Калпакоў. Яны парацца ў лазні з самага дзяцінства, выпрабаванні ледзяной вадой і снегам прайшлі з задавальненнем, паддаўшыся агульнаму настрою чэмпіянату. ІІ месца заняла каманда ААТ «Полацкі малочны камбінат», ІІІ — каманда Ветрынскага сельсавета. У асабістым заліку самымі трывалымі парыльшчыкамі сталі Наталля Волкава з каманды ААТ «Полацкі малочны камбінат» і Барыс Крыўко з Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Самай старэйшай па ўзросце парыльшчыцай была Валянціна Рабчонак, 1952 года нараджэння, з каманды Ветрынскага сельсавета. Спецыяльным прызам за стойкасць заахвоцілі аматараў лазні з Мінскай вобласці.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксей Клінішоў уручыў пераможцам памятныя падарункі і значкі з сімволікай мерапрыемства.
Заахвоціў пераможцаў і партнёр арганізатараў: Прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства Белдзяржстрах па г.Полацку і Полацкім раёне. Намеснікі дырэктара Лілія Мурашова і Наталля Батурына выказалі задавальненне тым, што ўсе парыльшчыкі набылі страхавы поліс «Белдзяржстраха» — «Добраахвотнае страхаванне ад траўмаў «Актыўны адпачынак».
Два прыгожыя тарты падрыхтавалі для пераможцаў-парыльшчыкаў канды­тары ТАА «Рэсттрэйд». За салодкія пада­рункі ўдзячныя арганізатары мерапрыемства і тыя, хто іх атрымаў.

Падарунак лёсу

Атмасфера незвычайных спаборніцтваў дапамагла многім удзельнікам лаз­невага чэмпіянату здзейсніць жаданне, якое яны мелі напрацягу многіх гадоў, — нырнуць у лунку.
Удзельнік каманды «Полацкбыт» Канстанцін Карасёў лічыць такую прадастаўленую магчымасць нават падарункам лёсу. Лазню ён наведвае, выпрабаванне снегам праходзіў не раз, а вось акунацца… Такое шчасце яму выпала ўпершыню ў жыцці! Яго сяброўка па камандзе Настасся Нікі­ціна прызналася, што сама сябе здзівіла тым, што разам з іншымі пасля парылкі
качалася ў снезе. Таксама ўпершыню!

Пра першы ў жыцці іспыт ледзяной вадой расказалі Наталля Волкава з каманды ААТ «Полацкі малочны камбінат», Людміла Сарока з каманды УП «Полацкводаканал» і Паліна Багрэц з Полацкага хіміка-тэхна­лагічнага каледжа. Адважылася акунуцца ў ледзяную ваду і ўдзельніца каманды Ветрынскага сельсавета Валянціна Рабчонак. Яна калісьці акуналася, а тут, гле­дзячы на маладых, паддалася агульнаму імкненню перамагчы ў спаборніцтвах. Упершыню качалася ў снезе і прадстаўніца каманды Полацкага занальнага вузла электрычнай сувязі Таццяна Багачова. Яе ўражанні ад новай працэдуры такія: «Хоць снег і халодны, але ад яго было так горача!». Знайшліся і смельчакі, якія ныралі ў лунку па некалькі разоў: Барыс Крыўко, Ігар Капыценка, Мікалай Фралоў, Руслан Калпакоў і іншыя.
Госці чэмпіянату — удзельнікі шматлікіх спаборніцтваў па лазневым спорце Аляксей Грабнёў і Наталля Мацвіенка, ваеннаслужачыя в/ч 1464 г.Дзяржынска Мінскай вобласці, даведаліся пра наш чэмпіянат у Інтэрнэце. Полацкім парыльшчыкам яны паказалі сапраўдны «майстар-клас» па трываласці ў лазні і ў ледзяной вадзе.

Да новых сустрэч!

Вучні мясцовай школы і навучэнцы Полацкага ліцэя сельгасвытворча­сці ўдосталь накаталіся на лыжах, пагулялі ў футбол. Арганізатары лазневага чэмпіянату-2016 удзячныя кіраўніцтву сялянска-фермерскай гаспадаркі «Канашы-Агра», самадзейным артыстам з Сільніцкага сельскага Дома культуры і раённага аўтаклуба за цёплы прыём палачан у Вароніцкім сельсавеце, за запас станоўчых эмоцый. Хочацца спадзявацца, што лазневы чэмпіянат стане візітнай карткай аграэкасядзібы «Канашы-Агра», своеасаблівай «разынкай», з дапамогай якой гэтае маляўнічае месца Полацкага раёна набу­дзе заслужаную папулярнасць сярод аматараў адпачынку на прыродзе.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *