Паважаныя браты i сёстры у Хрысце,
шаноуныя людзi добрай волi!
«І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2,7).
Такім простым сказам, радасным і адначасова сумным, перадае Святое Пісанне праўду пра выключную ў гісторыі падзею — нараджэнне Божага Сына. Радасным, бо нарадзіўся Першынец, Той, на Якім споўніліся старадаўнія прароцтвы і Які стане пераможцам граху і смерці. Сумным, бо застаўся непажаданым, адкінутым тымі, дзеля каго прыйшоў у гэты свет, дзеля каго прынізіў сябе як Бог, стаўшы Сынам Чалавечым.
Аднак не ўсё было так кепска. Бо Нованароджанага Збаўцу сагравала любоў Яго Матулі, апека Яе мужа, Яго абранага бацькі. Здзіўленне і радасць пастушкоў — простых людзей вялікага сэрца — і прыгожыя спевы Анёльскага войска разам са ззяннем Бэтлеемскай зоркі.
Ён нараджаецца там, дзе з верай прымаюць Ягонае Слова. Знакам таму ёсць спакой і любоў «доўгацярплівая, ласкавая, якая не зайздросціць <…>, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму (Божаму) верыць, на ўсё спадзяецца».
Такой любові і спакою хачу пажадаць вам, дарагія браты і сёстры!
Няхай ззянне ўпрыгожаных елак нагадвае нам пра святло Бэтлеемскай зоркі, якое паказала шлях да Хрыста тром Мудрацам, каб і нам адкрылася тая Божая мудрасць, каторая гэты свет стварыла і мае моц гэты свет уратаваць. А ўзнёслае гучанне калядных спеваў няхай напоўніць вашыя сэрцы надзеяй і радасцю, якую толькі можа даць прысутнасць Нованароджанага Збаўцы!
Бласлаўлёнага Нараджэння Хрыстовага і шчаслівага Новага года!
+Алег Буткевіч,
біскуп Віцебскі.