Дарагiя браты i сёстры у Хрысце,
людзi добрай волi!
Надзея займае адметнае месца сярод духоўных рысаў чалавека. Пакуль яна існуе, мы гатовыя пераносіць нават вялікія выпрабаванні. Асабліва зараз, калі свет усё яшчэ стаіць перад выклікам пандэміі, калі між краінамі трывае напружанасць, а спакой застаецца толькі нашай марай.
Сярод смутку і няпэўнасці зноў чутны вокліч: «Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго»! Гэта не проста даніна рэлігійнай традыцы. Гэта — вызнанне праўды, з якой бярэ пачатак надзея, якая трымае нас пры жыцці.
Менавіта Божая Мудрасць заўсёды ратавала чалавека, калі ён быў ёй паслухмяны. І, наадварот, клопаты і праблемы ўзнікалі тады, калі гэтая Мудрасць была адкінутай і забытай.
Паспрабуйма наноў прыняць уцелаўлёнае Слова ў сваё жыццё! Тым больш, што гэтае Слова не патрабуе асаблівага месца і не прэтэндуе на шмат нашага часу. Каб нарадзіцца сярод людзей, Яно не пагардзіла нават стайняй для жывёлаў і было шчаслівым ад хвіліннай увагі простых пастушкоў. Паспрабуйма наноў адкрыць для сябе Божую Мудрасць!
Нованароджаны Збаўца няхай агорне ласкай кожнага з вас, нашу краіну і ўвесь свет, каб мы, прызнаўшы над сабой уладу Яго Міласэрнай любові, станавіліся здольнымі самі дзяліцца гэтай любоўю з іншымі!
Здароўя, радасці і Божага бласлаўлення на ўвесь надыходны 2022 год!
+ Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.