Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
паважаныя жыхары і госці нашай сінявокай Бацькаўшчыны!
Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі — Нараджэння Божага Сына. Гэта падзея, якая перакрочвае межы часу, і мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста, мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце.
Мы павінны сёння абудзіцца як хрысціяне, падобна да тых пастушкоў, што на заклік анёлаў пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу ў Бэтлееме, каб наша вера магла ўратаваць гэты свет ад бяды. Бо толькі вера ў Бога, Які ёсць Любоў, можа супрацьстаяць фанатызму, у імя чаго і сёння яшчэ забіваюць людзей. Спыніць гэта можа толькі ўсёпрабачальная Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае праз тых, хто ў Яе паверыў.
Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцей, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё хай нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці, святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы! Са святам!
+ Алег Буткевіч,
біскуп Віцебскі.
Віцебск,
Божае Нараджэнне 2015.