Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай узняць пытанні моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўнасці. Гэта дата была ўпершыню абвешчана ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года.
Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы арганізаваны і ў Полацку.
17 лютага ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працу выстаўка «Служэнне роднаму слову». Яна прысвечана беларускім пісьменнікам, паэтам і навукоўцам, чые юбілеі прыходзяцца на 2018 год.