Аграрыі Полацкага раёна імкнуцца своечасова закласці сянажныя ямы

Заботы сельские

Зялёнае жніво ў разгары. Аграрыі Полацкага раёна імкнуцца своечасова закласці сянажныя ямы — каб назапашаныя кармы былі карысныя, пажыўныя для жывёлы.

Першая палова чэрвеня выдалася без даж­джоў, стаіць камфорт­нае надвор’е — працаваць у полі — адно задавальненне.

У мінулы чацвер у другой палове дня кіпела праца ва ўрочышчы Мурашоўшчына УП «ПС-Карпекі». Сяльчане старанна ўбіралі канюшыну на плошчы 93 гектары. Вопытны і мудры дырэктар гаспадаркі Аляксандр Кавалёў шчыра прызнаўся, што канюшына — яго любімая сельскагаспадарчая культура. І час нарыхтоўкі кармоў — любімы, зараз яго душа радуецца. «Знаходжуся ў сваёй стыхіі, — дзяліўся думкамі Аляксандр Яраставіч. — Люблю магутную тэхніку, водар свежа­скошанай травы, мілыя сэрцу касьбу траў і трамбоўку…».

Працоўны калектыў іх гаспадаркі — не падобны на іншыя. З 95 працуючых 78 з’ехаліся з розных рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Прычыны пераезду ў Карпекі ва ўсіх розныя, а мэта — адна: уладкавацца на новым месцы, пачаць жыццё нанова. Дырэктар гаспадаркі з-за недахопу працоўных рук быў вымушаны на працягу некалькіх год шукаць іх за межамі Полацкага раёна. Галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства з разуменнем ставяцца да кадравых праблем, таму суст­ракаюць новых працаўнікоў гасцінна, даюць ім слушныя парады, дапамагаюць ужывацца ў новым калектыве. У час уборкі кармоў удзельнікаў зялёнага жніва забяспечваюць двухразовым гарачым харчаваннем. Повар Антаніна Феранец добра спраўляецца са сваёй справай. «Калі чалавека як след не накорміш — як патрабаваць ад яго якаснага выканання працоўных абавязкаў?» — разважаў услых дырэктар гаспадаркі. І дадаў: «Адказных работнікаў імкнемся падтрымаць рублём. 38% сродкаў ад валавой прадукцыі накіроўваем на заработную плату». Уважлівае стаўленне да людзей дае свой плён: механізатары і даяркі працуюць аддана дзеля дабрабыту гаспадаркі.

IMG_3019 фото А.Марцинкевича

Уладзімір Шарлай касіў канюшыну на адноўленым сёлета «КЗРы» з новенькай касілкай «КПР-9». Яе купілі нядаўна за грошы, атрыманыя за зерне. Такая касілка — з 9-мятровым захватам — адна ў гаспадарцы. Механізатара на працу накіраваў інвестар — ААТ «Полоцк-Стекловолокно». Ужо чацвёрты сезон Уладзімір Аляксандравіч працуе тут з ранняй вясны да позняй восені. Зімой — вяртаецца на прадпрыемства, працуе апаратчыкам хімічнай апрацоўкі. Сёлета з 9 красавіка рыхтаваў глебу, потым убіраў сена, рамантаваў камбайн, зараз новую касілку выпрабоўвае. Пераехаў у Полацк з Чашніцкага раёна. «Усё жыццё тэхніка побач са мной, люблю сялянскую працу, — расказаў механізатар.

На грабілцы «Райнер» працаваў мясцовы жыхар вёскі Карпекі Аляксандр Круглікаў. Расказаў, што вучыўся ў Полацкім ПТВ-233 на токара, але потым самастойна скончыў курсы, атрымаў правы і ўладкаваўся на працу ў родную гаспадарку механізатарам. Ніколькі не шкадуе, што стаў гаспадаром на сваёй зямлі. Працуе амаль 10 год, ажаніўся, выхоўваюць з жонкай Юляй дваіх дзяцей Ягора і Алінку. Малады хлебароб ганарыцца сваёй працай і гаспадаркай, якая не раз станавілася пераможцай не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў.

Сакрэтам атрымання добрага ўраджаю канюшыны (180 цэнтнераў з гектара) падзялілася галоўны аграном гаспадаркі Іна Ванславовіч: «Тэхналогія атрымання якаснага корму даўно выпрацавана. Канюшыну сеялі пад азімую пшаніцу. Своечасова вялася хімпраполка, уносіліся фунгіцыды, вялася апрацоўка рэгулятарамі росту. Убралі пшаніцу — і ў канцы верасня ўжо атрымалі нулявы цыкл канюшыны. Трэба сачыць, каб культура не вымерзла, не перапрэла». Пра выкананне даведзенага задання галоўны аграном паведаміла, што ім неабходна ўбраць травы з плошчы 523 гектары. 270 з іх — ужо ўбралі. Нарыхтавалі 9,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Вялікія надзеі Іна Генадзьеўна ўскладае на кукурузу. Спа­дзяецца, што спрыяць ураджайнасці будзе арганіка, якой сёлета было вывезена на палі вельмі шмат — 11 тысяч тон!

Пра сваю працу агранома распавядала з асаблівай любоўю. Яна ж на палях гаспадаркі — галоўная гаспадыня, ведае ўсё пра культуры, урадлівасць глебы, прагназуе ўраджай. Сёлетняй вясной, калі кіраўнікам гаспадарак прапанавалі выбраць для сябе эксперыментальнае поле, Іна Генадзьеўна з лёгкасцю згадзілася, калі дырэктар Аляксандр Кавалёў выбраў поле плошчай 70 гектараў ва ўрочышчы Кауны. «Там пасеяна азімая пшаніца, але не эліта, а другой рэпрадукцыі. Але ж гэта — не важна. Пры правільным доглядзе, захаванні тэхналогій гэтае поле дасць добры ўраджай!» — аптымістычна гаварыла галоўны аграном. А потым выказала вялікае засмучэнне тым, што ў гаспадарцы няма сродкаў на набыццё азотных угнаенняў, якімі ёй так хочацца падсілкаваць глебу!

На трамбоўцы сенажу на «Амкадоры» працаваў Анатоль Арол. Яны з жонкай, якая ўладкавалася даяркай, пераехалі ў Карпекі з Наваполацка. Дырэктар гаспадаркі адзна­чаў, што гэты механізатар працуе вельмі якасна, старанна. Трамбаваў у мінулым го­дзе, гэтую адказную справу яму даверылі і сёлета. Працуе Анатоль Аляксандравіч з ранку да вечара, а потым яго падмяняе другі механізатар на «МТЗ-3022». Сёлета яны ўжо заклалі 3475 тон сянажнай масы. Дакладны ўлік нарыхтаваных кармоў даверылі весці галоўнаму аграному гаспадаркі Іне Ванславовіч. Дапамагае ёй і падліковец Любоў Жаткіна. Дырэктар расказаў, што ўжо шмат гадоў запар яны імкнуцца закладку ям, ці як яшчэ іх называюць — траншэй, буртоў, весці максімум трое сутак. У дзень нарыхтоўваюць не меней за 250-300 тон сенажу. Калі пачынаецца дождж — праца адразу спыняецца, яма закрываецца, інакш якасці кармоў не будзе.

Ва ўрочышчы Піруціна мы напаткалі за працай жывёлаводаў. Тут на кругласутачным выпасе знаходзіцца статак са 152 кароў з фермы «Карпекі». Плошча пашы — 53 гектары. Абслугоўваюць рагуль 3 даяркі і 2 пастухі. Загадчыца фермы Лёля Гарбатава паведаміла, што на гэтым статку даяркі надойва­юць 19 літраў малака на карову. Пастух Віктар Яблонскі расказаў пра свае абавязкі, і мы ўпэўніліся, што яго праца — вельмі адказная. Ён пасвіць статак франтальным спосабам, правільна размяркоўвае плошчу пашы, робіць загоны. З-за таго, што ён добра выконвае свае абавязкі, — павялічваюцца надоі малака. Каровы пастаянна пасвяцца на свежай траве, п’юць, колькі трэба, вады, ёсць на пашы для іх і соль. На ферме «Карпекі» перадавік — аператар машыннага даення Наталля Гарох. Астатнія жанчыны раўняюцца на яе і таксама імкнуцца павялічыць надоі малака. Дырэктар гаспадаркі адзначыў адказную працу Сяргея Вярховіча, які працуе на падкосе пашаў.

На развітанне Аляксандр Кавалёў выказаў задаволенасць працай усіх сваіх падначаленых. Аддзячыў галоўным спецыялістам, кожны з якіх, на яго думку, знаходзіцца на сваім месцы. Менавіта іх вопыт працы і высокі прафесіяналізм прыносяць добры вынік.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *