19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначалі Яблычны Спас, ці, як ён яшчэ завецца, Праабражэнне Гасподне. У народзе кажуць, што ў гэты дзень прынята развітвацца з летам і рыхтавацца да сустрэчы з восенню. Мабыць, таму асабліва цёпла было на пляцоўцы ля Свята-Пакроўскай царквы, на якой праходзіў экафэст «Яблычны Спас у Полацку», не толькі ад жнівеньскага сонейка, але і ад гарачыні людскіх сэрцаў.
Шмат ласункаў прыгатавалі гаспадыні з сельсаветаў Полацкага раёна. Бабыніцкі, напрыклад, частаваў гасцей «райскімі яблычкамі», Гомельскі — пры дапамозе сімвала свята адлюстраваў брэнд «Завозерскай беразухі», Вароніцкая лялька-гаспадыня запрашала пачаставацца смакатой з запечанымі яблыкамі ды грушамі, яблыкамі з разынкамі, тварагом, зефірам. Адным словам, кожны сельсавет імкнуўся чымсьці парадаваць і здзівіць. Здавалася, духмяны пах у той дзень распаўсюджваўся на ўвесь горад.
Не засталіся ў баку ад дзеі таксама арганізацыі і прадпрыемствы. Для ўдзелу ў святочным конкурсе яны падрыхтавалі кампазіцыі, прысвечаныя Году малой радзімы, якія да таго ж трэба было яшчэ і творча прадставіць. Хтосьці чытаў вершы, хтосьці спяваў песні ды прыпеўкі, іншыя падрыхтавалі для гледачоў загадкі. А вось каманда ясляў-сада №9 нават правяла традыцыйную гульню па скатванні яблыкаў з узгорка.
«Бачна, што тэматыка Года малой радзімы закранула кожнага, — адзначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела культуры Полацкага райвыканкама Надзея Зюзелева. — Таму няпроста было журы ў гэтым годзе вызначыць пераможцаў». І ўсё ж месцы размеркаваліся наступным чынам: I — у ВУ «Полацкгаз» (на фота злева), за незвычайны арт-аб’ект у выглядзе яблыка, на якім зверху адлюстравана Беларусь, а ўнутры — матухна-прырода; II — раздзялілі ААТ «Полацк-Шкловалакно» і «Полацкі малочны камбінат»; на III — прэзентацыя ясляў-сада №9 г.Полацка і каманда «Эх, яблычак!» эканамічнага каледжа. Асобным прызам журы адзначыла УП «Полацкі гасцінец». За інфармацыйную насычанасць праекта «Полоцкая большая поваренная книга яблочных рецептов» і раскрыццё тэмы Года малой радзімы Дыплом пераможцы ўручаны Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме.
Асвячэнне яблыкаў з’яўляецца неад’емнай часткай Яблычнага Спаса. Лічыцца, што пасля гэтага пладам надаюцца цудадзейныя якасці і яны нават могуць здзяйсняць жаданні. Святочную службу з асвячэннем яблыкаў і страў з іх у Свята-Пакроўскай царкве правёў яе настаяцель ы айцец Уладзімір. Прыняць у ім удзел сабраліся шматлікія вернікі і тыя, хто шануе традыцыі.