Гонар і высокая адказнасць узначальваць у юбілейны год аўтарытэтную навучальную ўстанову, вядомую дзякуючы сваім выпускнікам далёка за межамі Полацка і нават Беларусі, выпалі на долю Таццяны Генадзьеўны Полушкінай, дырэктара з 24-гадовым стажам, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужанага работніка адукацыі, прафесіянала, бясконца адданага справе, паважанага на Полаччыне чалавека. Мы звярнуліся да яе з просьбай расказаць пра тое, што сёння ўяўляе сабою каледж, падвесці пэўны вынік шляху даўжынёй у паўтара стагоддзя.
Значны юбілей — не проста дата. Гэта шлях ад пачатку да росквіту, напоўнены штодзённай творчай, самаадданай працай. Мы працягваем справу нашых папярэднікаў, прыўносячы ў яе сучасныя тэндэнцыі, магчымасці і тэхналогіі. Полацкая настаўніцкая семінарыя ў свой час была флагманам адукацыі. І сёння, праз паўтара стагоддзя, Полацкі каледж ім застаецца.
— Што ўяўляе сабой навучальная ўстанова ў цяперашні час?
— Наш каледж — гэта высокапрафесійны калектыў, які рыхтуе спецыялістаў для сістэмы адукацыі. З 88 педагогаў 91% маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 56 — акадэмічную ступень магістра, адзін з’яўляецца кандыдатам філалагічных навук, шэсць выкладчыкаў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». Згадзіцеся, узначальваць такі калектыў вельмі адказна і
пачэсна.
Кіраўніцтва каледжа, педагогі і навучэнцы дзейнічаюць як адзіны зладжаны механізм, імкнуцца выканаць свае абавязкі як мага лепш.
— На Ваш погляд, што ў першую чаргу неабходна для паспяховай дзейнасці?
— Па-першае, матываваныя навучэнцы. Па-другое, прафесійныя педагогі, якія актыўна і творча выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі навучання і выхавання.
Каб і надалей наша дзейнасць была паспяховай, вельмі важна ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, пашыраць супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі не толькі Беларусі, але і блізкага замежжа, падтрымліваць дзейнасць навукова-даследчых аб’яднанняў навучэнцаў каледжа і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
Калектыў будзе і надалей прымаць удзел у эксперыментальнай дзейнасці з мэтай стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, выкарыстоўваючы лічбавыя тэхналогіі. Без актыўнага ўдзелу ў міжнародных інтэграцыйных адукацыйных працэсах, без развіцця супрацоўніцтва з адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі рэгіёна, краіны і замежжа, як і без развіцця сістэмы сацыяльнай падтрымкі, умацавання здароўя супрацоўнікаў і навучэнцаў, паспяховае функцыянаванне ўстановы таксама немагчыма.
— Якімі дасягненнямі ўстановы Вы ганарыцеся больш за ўсё?
— У нашым каледжы працуе высокапрафесійны калектыў выкладчыкаў, які актыўна прапагандуе свой педагагічны вопыт, прымаючы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. На працягу 15 гадоў каледж перамагае (дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь І-ІІ ступеняў) на рэспубліканскіх выставах перадавога педагагічнага вопыту.
Удзел у эксперыментальным інавацыйным праекце «Распрацоўка і апрабацыя электроннага адукацыйнага рэсурсу для інтэграцыі ў адзіны адукацыйны рэсурс для ўстаноў ПТА і ССА» і міжнароднае ўзаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі розных краін дазваляе ўкараняць у адукацыйны працэс перадавы вопыт нашых партнёраў. Заключаны дагаворы і пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве з пяццю педагагічнымі каледжамі Расійскай Федэрацыі.
За апошнія тры гады каледж станавіўся пераможцам агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Віцебскай вобласці. Сёлета па выніках дзейнасці наша ўстанова занесена на Дошку гонару Полацкага раёна.
Гонарам з’яўляюцца і творчыя калектывы, якія маюць найменне народных: вакальны ансамбль «Вясна», эстрадная студыя «Серпанцін», харавая капэла выкладчыкаў і навучэнцаў. Візітнай карткай установы сталі аркестр навучэнцаў і выкладчыкаў «Рэнесанс» і музычны тэатр «Фігара».
Значныя поспехі і зборнай каманды па валейболе. У мінулым годзе яна стала пераможцам і бронзавым прызёрам у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
— Сапраўды, дасягненняў шмат. А якія задачы Вы бачыце на перспектыву?
— Каб быць паспяховымі, трэба адпавядаць патрабаванням часу. Безумоўна, галоўная задача — якасная падрыхтоўка спецыялістаў. Маладыя педагогі павінны быць здольнымі хутка адаптавацца да зменлівага рынку працы і вырашаць шырокае кола задач.
Плануем умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і развіваць інфраструктуру.
Сістэма адукацыі пастаянна знаходзіцца ў развіцці: аднаўляецца змест, пашыраецца спектр адукацыйных паслуг за кошт увядзення новых спецыяльнасцей і спецыялізацый, укараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, удасканальваецца сістэма адукацыйнага працэсу, кіраванне развіццём каледжа, матэрыяльна-тэхнічная база і іншае.
— Не сакрэт, што ў Полацкім каледжы ВДУ імя П.М.Машэрава большасць выкладчыкаў — яго лепшыя выпускнікі…
— Гэта так. Згадзіцеся, калі спецыяліст, атрымаўшы прафесію, імкнецца вярнуцца ў сваю alma mater, якая не толькі дала трывалыя веды, але і сфарміравала яго як асобу, гэта сведчыць пра многае. Лепшыя традыцыі Полацкага педагагічнага вучылішча працягваюцца, і мы вельмі гэтым ганарымся.
— Што пажадаеце калегам, выпускнікам і тым, хто зробіць выбар на карысць Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава?
— Ніколі не спыняцца на дасягнутым, адпавядаць імкліваму часу, спасцігаючы новыя веды. Любіць сваю прафесію, самую лепшую і самую адказную ў свеце. Гэта не перабольшванне: у нашых руках — будучыня краіны. Жадаю кожнаму знайсці сябе і ўбачыць свой працяг у вучнях. Упэўнена, што юбілейная дата стане не толькі яскравай вехай у гісторыі навучальнай установы, але і кропкай адліку далейшай плённай дзейнасці кузні настаўніцкіх кадраў. З юбілеем, шаноўныя! З юбілеем, каледж!