Полочане встречают медовый спас (фото+видео)

Актуальное Важное Общество

14 жніўня галоўная полацкая алея па праспекце Францыска Скарыны гула нібы пчаліны вулей.

Традыцыйна, пяты год запар, у Полацк прыехалі больш за 90 пчаляроў з Полацкага і суседніх раёнаў, каб падзяліцца мядовым ураджаем з палачанамі і гасцямі Полацка, уславіць нялёгкую працу пчаляроў і крылатых паласатых працаўніц.

Азінская, Бабыніцкая, Баравухская, Ветрынская, Вароніцкая, Гаранская, Зялёнкаўская, Маласітнянская, Астроўшчынская, Палатоўская, Саланіцкая, Фарынаўская і Экіманская мядовыя сядзібы гасцінна сустракалі палачан, частавалі іх мёдам, стравамі беларускай кухні, мядовымі напоямі.

— Булачкі з мёдам — гэта нешта неверагоднае! — нахвальвала гаспадынь з Саланіцкага сельсавета палачанка Наталля Атрахімовіч.
— Вельмі смачны ваш медавік з малінай! — дзякавалі за пачастунак гаспадарам Бабыніцкай мядовай сядзібы юныя палачане.
— Першы раз спрабую мёд у сотах, які перад маімі вачыма выразаў з рамкі пчалавод Уладзімір Лаўрыновіч! — задаволена адзначала бабуля, якая прадставілася Вольгай Сцяпанаўнай.

У добрым настроі прыйшоў на свята старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук. Ён шчыра вітаў палачан і пчаляроў, якія завіталі ў Полацк і падарылі нашаму гораду мядовы настрой.


Муж і жонка Варанцовы з Верхнядзвінска, пчаляры з вялікім стажам, расказалі, што ў Полацку ў іх ёсць пастаянныя пакупнікі мёду. Гэта сведчыць пра тое, што іх прадукт высокай якасці. Госці дзякавалі кіраўніцтву Полацкага раёна за цудоўны экафэст «Полацк — мядовая сталіца»-2019» і магчымасць рэалізаваць мядовую прадукцыю.


Чарга з жадаючых набыць мёд стаяла ля палаткі КУСГП «Палата». Гэтае сельгаспрадпрыемства мае самы буйны ў Полацкім раёне пчальнік — з 300 пчоласем’яў. Сёлета тут прапаноўвалі мёд грачышны, верасовы… Палачане дзівіліся, як спрытна прадаўцы разлівалі янтарны ласунак у слоікі, і з задавальненнем рабілі пакупкі.

Пакуль мядовыя падворкі здзіўлялі і радавалі тэматычнымі канцэртнымі нумарамі шматлікіх наведвальнікаў свята, праходзіў агляд-конкурс «Мядовая сядзіба». Налічваліся балы за наяўнасць на падворках пчаляроў, касцюміраваных персанажаў, ступень складанасці афармлення падворка, прэзентацыя, адпаведнасць мядовай тэматыцы. У выніку заслужанае І месца атрымала Ветрынская мядовая сядзіба (старшыня сельвыканкама Аляксей Лупач), ІІ месца — Палатоўская (старшыня сельвыканкама Інга Казлова) , ІІІ месца — Маласітнянская (старшыня сельвыканкама Леанід Буханцоў).

Яшчэ адзін прыгожы агляд-конкурс «Мядовая царыца» паказаў багатую фантазію яго ўдзельніц. Жанчыны і дзяўчаткі ператварыліся ў пчол і пчолак, якімі можна любавацца бясконца! Журы прысудзіла І месца «пчолцы» з Гаранскага сельсавета, ІІ месца — Галіне Маслоўскай, якая прадстаўляла Полацкую раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, ІІІ месца — Валерыі Ахрамёнак з Палатоўскага сельсавета.


Дарослыя і дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах, гля­дзелі канцэрты. Палачане шчыра дзякавалі пчалярам за мёд і падораны настрой.


Штогод на Мядовы Спас у Полацку выбіра­юць і Мядовага караля. Сёлета ім стаў пчаляр Віктар Мацейка з гарпасёлка Ветрына. Гэты аматар пчалярскай справы трымае пчальнік з 30 сем’яў і дзякуючы майстэрству і глыбокім ведам штогод атрымлівае вялікія мядовыя ўраджаі.